Get Mystery Box with random crypto!

'ЦІ ЁСЬЦЬ БОГ' (Частка 1/2) У сацыяльнай мэнтальнасьці белар | Зянон Пазьняк

"ЦІ ЁСЬЦЬ БОГ"
(Частка 1/2)

У сацыяльнай мэнтальнасьці беларуса першасным чыньнікам камунікацыі зьяўляецца пазнаньне канкрэтнага чалавека. Беларус ня стане адразу дэманстраваць сябе, пакуль не пазнае, зь кім мае справу. Гэтая якасьць амаль стоадсоткава праяўлялася ў сялянстве, гэта значыць у першаступенным этнічным асяроддзі і найбольш традыцыйнай частцы соцыюма.
Такую асаблівасьць душы беларуса адзначыў, між іншым, наш амэрыканскі прыхільнік Джон Кунстадтэр, які мае сантымэнты да беларусаў і кожны год прыязджае ў Беларусь, каб падарожнічаць па вёсках, па Палесьсі, па Браслаўшчыне ды Меншчыне, пагаварыць па-беларуску ды паслухаць і пафатаграфаваць людзей. Ён знайшоў у Беларусі тое, чаго няма ўжо ў Амэрыцы і што ёсьць скарбам душы (удакладняць ня буду).
Тое, пра што я вышэй напісаў, ня ёсьць тэма маёй гаворкі, а хутчэй асацыяцыя да тэмы, якая больш жорсткая і празаічная.
У сацыяльных дачыненьнях людзей узьнікаюць тэставыя паняцьці, якія выяўляюць сутнасьць асобы, акрэсьліваюць зьяву і вызначаюць узровень дыялогу, а то і ўвогуле -- магчымасьць гаворкі.
Разважаючы аб духоўным, часам карысна задаць тэставае пытаньне: ці ёсьць Бог? Калі ў субяседніка "Бога няма", то дыялогу не атрымаецца. Як правіла, можа ўзьнікнуць спрэчка, альбо пераход на тэму, зразумелую для бязбожнага чалавека.
Класічным тэстам у цяперашняй палітыцы стала пытаньне: чый Крым? Спрацоўвае бездакорна. Літаральна ўсе прадстаўнікі газпрамаўска-эфэсбоўскай псэўдаапазыцыі ў Беларусі не адказалі на пытаньне "чый Крым" і круціліся, як в'юны на патэльні. Часам было камічна назіраць, як два агенты "канторы" з так званай "каардынацыйнай рады", будучы ў Кіеве ў праграме Славіка Шусьцера на тэлебачаньні, упарта плавалі перад украінскай аўдыторыяй, каб не адказаць на гэтае пытаньне (і не адказалі!). Фэнамэнальныя балваны, -- казаў бы нябожчык Літвіненка, забіты Масквой.
Пасьля неадказу на гэтае пытаньне -- пра дэмакратыю больш не кажэце, панове, не гаварыце пра яе (лепш ужо пра надвор'е ці пра тавары).
Тэставым пытаньнем для ўсёй прамаскоўскай квазіапазыцыйнай публікі ёсьць таксама пытаньне пра Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", пра нацыянальную рэвалюцыю, выкліканую гэтым рухам, і гістарычную перамогу -- сцьвярджэньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, дзяржаўнасьці беларускай мовы і дзяржаўнасьці сымвалаў нацыі -- Пагоні і Бела-Чырвона-Белага Сьцяга.
У палітычным сэнсе, улічваючы тыхчасовыя абставіны ў БССР, -- тады адбыўся фэнамэнальны палітычны цуд, створаны аднак сьветлымі розумамі, воляй і гарачымі сэрцамі адданых Беларусі і беларускаму народу людзей.
Замоўчваньне і абплёўваньне гэтай вялікай дзейнасьці і гістарычнай перамогі Фронту і ўвогуле -- усёй гісторыі беларускага змаганьня супраць расейскага камунізмаму і супраць антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі -- ёсьць характэрнай прыкметай газпрамаўска-эфэсбоўскай палітычнай групы, яе так званай "каардынацыйнай рады" і павярхоўнай рыторыкі так званых нэафітаў ("невероятных"), якія расплюшчылі вочы, але так і не прачнуліся.