Get Mystery Box with random crypto!

Я малюю навокал паветра сінім, Так выразна блішчаць сонечныя п | Zhubleny Lichtaryk

Я малюю навокал паветра сінім,
Так выразна блішчаць сонечныя промні.
Я малюю аблокі, абрысы млыну,
Што ня мае цені ад сьвятленьня поўні.

Я малюю хату з празрыстым дахам,
Я малюю сьцены з вокнамі да столі,
Я малюю паркі зь кісла-мятным пахам,
Дзе ня мае плотаў, дзе ня мае болю.

Тут няма фарпостаў на мяжах краіны,
Замест зброі салдатам даюць рамонкі.
Тут на месцы замкі і няма руінаў.
І няма пагрозы ні знутры, ні звонку.

Тут ня пьюць расьліны каранямі кроў, і
Не сьсякаюць дрэвы тыя, хто знайшоў іх.
Тут ня труцяць рэкі і ня паляць глебу,
Тут на ўсіх ахвотных хапае хлебу.

Я малюю космас, я малюю зоркі,
Я малюю вечную бездакорнасьць.
І сябе малюю, як сплю на канапе,
У руках мой пэндзаль, на паперы плямы.

Прачынаюся я з працяжным крыкам.
У руках у мяне - абломкі пэндзьлю,
На паперы лунаюць мэтэарыты,
І зьнішчаюць, зьнішчаюць мае надзеі.