Get Mystery Box with random crypto!

Перазімавалі! Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых 'Кажанаполіс' вы | Дзікая прырода побач

Перазімавалі!
Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых "Кажанаполіс" выпусціў на волю 25 кажаноў, якія зімавалі ў спецыяльным халадзільніку ў спальных мяшэчках. Усіх гэтых кажаноў выратавалі людзі: абуджаныя пасярод спячкі, звяркі б не выжылі ў маразы без корму.

Гэта ўжо чацвёрты сезон працы "кажанячага санаторыя". Гэтай зімой тут адпачывалі познія і двухколерныя кажаны, рудыя вячэрніцы і нават "чырванакніжны" паўночны кажанок – сапраўдны прыгажун з кудлатай шакаладна-залацістай поўсцю. Гэта адзіны від рукакрылых, які камфортна жыве за паўночным палярным кругам!

Помні: кажаны – бяскрыўдныя і неагрэсіўныя жывёлы, але, на жаль, яны цярпяць ад многіх стэрэатыпаў. Усе віды рукакрылых у Беларусі знаходзяцца пад строгай аховай. Не крыўдзі і не бойся іх!

Фота: Сяргей Аднавал.