Get Mystery Box with random crypto!

​Гістарычныя прыклады спроб сцверджання правоў чалавека закана | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Гістарычныя прыклады спроб сцверджання правоў чалавека заканадаўчым шляхам

• У 1215 годзе ангельская шляхта і прадстаўнікі духавенства, прыняўшы Вялікую хартыю вольнасцяў (Magna Carta), прымусілі караля Англіі надалей кіраваць паводле закона. Хартыя бараніла толькі правы прывілеяванага класа (шляхты), і таму тут гаворка не ідзе пра правы чалавека самі па сабе. Але хартыя стала дакументам, на які людзі часта спасылаліся, каб абараніць свае свабоды, паколькі яна абмяжоўвала каралеўскую ўладу і прызнавала свабоды і правы людзей.

• У 1689 годзе ангельскі парламент прыняў закон, у якім заяўлялася, што ён больш не пацерпіць каралеўскага ўмяшання ў свае справы. Гэты дакумент, вядомы як Біль пра правы, забараняў манарху прыпыняць дзеянне законаў без згоды парламента, абгаворваў свабодныя выбары чальцоў парламента і дэклараваў, што свабода слова ў парламенце не магла быць аспрэчана ні ў судах, ні дзе-небудзь яшчэ.

Гуга Гроцый (1583-1645) шырока вядомы як заснавальнік навукі міжнароднага права. У сваёй кнізе «Пра права вайны і міру» ён падае сістэму агульных прынцыпаў, заснаваных на «натуральным праве», якое, на яго думку, павінна яднаць усе нацыі незалежна ад мясцовых законаў і звычаяў. Цягам XVII-XVIII стагоддзяў некаторыя еўрапейскія філосафы працягвалі развіваць канцэпцыю «натуральных правоў».

Джон Лок (1689) распрацаваў тэорыю, паводле якой кожны чалавек мае некаторыя правы ад нараджэння і яны не даруюцца ўрадамі ці іх законамі. Пры гэтым легітымнасць урада залежыць, па сутнасці, ад таго, наколькі ён выконвае гэтыя натуральныя правы. Ідэя, згодна якой з натуральных правоў чалавека павінны выцякаць пэўныя прававыя гарантыі, атрымлівала ўсё большае прызнанне і стала знаходзіць адлюстраванне ў канстытуцыях шэрагу краін. Правы чалавека перафармулявалі гэтую ідэю ў сістэму стасункаў паміж урадамі і грамадзянамі.

• У 1776 годзе большасць брытанскіх калоній у Паўночнай Амерыцы, прыняўшы Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў, абвясціла сваю незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Дэкларацыя ў значнай ступені засноўвалася на тэорыях Лока і Мантэск'ё пра «натуральныя правы» чалавека. Заснаваная на перакананні, што ў аснове ўсяго ляжыць абарона свабод сіламі дзяржаўнай улады, Дэкларацыя ўстала на абарону такіх паняццяў, як: неад’емнасць права, абарона правоў чалавека, свабода слова, прэсы, падачы петыцый і правядзення сходаў, права на канфедэнцыйнасць прыватнага жыцця, на справядлівае судовае расследаванне; роўнасць перад законам і свабода веравызнання.

• У 1789 годзе французы зрынулі ў сваёй краіне манархію і заснавалі першую Французскую рэспубліку. Французская Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна была народжана рэвалюцыяй і напісана прадстаўнікамі духавенства, дваранства і простых грамадзян, якія такім чынам рэалізавалі ідэі вядомых асветнікаў, такіх як Вальтэр, Мантэск'ё, энцыклапедысты і Русо. У Дэкларацыі рэзка крытыкавалася палітычная і прававая сістэма манархіі, а «свабода, уласнасць, бяспека і супраціў прыгнёту» былі вызначаны як натуральныя правы чалавека. Дэкларацыя замяніла існавалую пры манархіі сістэму арыстакратычных прывілеяў прынцыпам роўнасці перад законам. Аднак спатрэбілася шмат часу, каб увасобіць у жыццё яе эгалітарныя прынцыпы і канцэпцыі роўнасці правоў. Тады ў грамадстве панавала глыбокая несправядлівасць, і для ажыццяўлення дэкларацыі спатрэбіліся высілкі некалькіх пакаленняў.