Get Mystery Box with random crypto!

5. Розныя дачыненьні з Захадам. Казахстан ад самага пачатку ба | КАРБАЛЕВІЧ

5. Розныя дачыненьні з Захадам. Казахстан ад самага пачатку бачыў у ЗША і ЭЗ важных партнэраў, імкнуўся падтрымліваць зь імі добрыя адносіны. Кіраўніцтва краіны кожны год накіроўвае на вучобу ў заходнія ўнівэрсытэты сваіх маладых грамадзян. Усяляк вітаюцца і заахвочваюцца заходнія інвэстыцыі.

Таму Казахстан усяляк ухіляецца ад падтрымкі антызаходніх заклікаў і дзеяньняў Беларусі і Расеі ў рамках АДКБ. Хоць Такаеў і казаў пра вонкавае ўмяшаньне падчас народных хваляваньняў у студзені 2022 году, аднак ніяк ня згадваў Захад у гэтым пляне. Нават намёкаў у гэтым кірунку не было.

Беларусь у ідэалягічным пляне — самая антызаходняя краіна постсавецкай прасторы. З 1996 году афіцыйны Менск знаходзіцца ў вострым палітычным, дыпляматычным, каштоўнасным канфлікце з Захадам. Лукашэнка ад самага пачатку абвясьціў ЗША і ЭЗ ворагамі.

6. Лукашэнка і Такаеў зрабілі з народных пратэстаў розныя высновы. Лукашэнка катэгарычна адмовіўся рабіць любыя крокі насустрач народу, ладзіць хоць нейкія рэформы. Гвалт — адзіны спосаб адказу на незадаволенасьць грамадзтва. Таму беларускі рэжым эвалюцыянуе ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Такаеў, наадварот, абвясьціў курс на рэформы. І няхай ягоныя палітычныя апанэнты цьвердзяць, што рэформы гэтыя касмэтычныя, тым ня менш улада хоць фармальна прызнае, што да народных пратэстаў спрычыніліся ейныя памылкі (усё сьпісалі на Назарбаева) і яна гатовая слухаць людзей. Такім чынам, рэжым здольны пашырыць сваю сацыяльную апору, і нельга выключаць, што Такаеў здольны перамагчы на рэальных канкурэнтных выбарах. І яму, адрозна ад Лукашэнкі, у меншай ступені патрэбна вонкавая падтрымка.

7. Пэўную ролю адыгрывае маштаб асобы кіраўніка, ягоны сьветапогляд. Такаеў — прафэсійны дыплямат, скончыў элітную ВНУ — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў, валодае пяцьцю мовамі, працаваў у сыстэме МЗС СССР, ААН (быў намесьнікам генсека ААН). Прэзыдэнт Казахстана добра ведае сьвет, разумее дамінуючыя тэндэнцыі, лёгка камунікуе зь лідэрамі як Усходу, так і Захаду. Таму ён пазьбягае сытуацыі тупіка, ізаляцыі.

У гэтым пляне параўноўваць Такаева з Лукашэнкам цяжка. Апошні нават беларускай мовай не валодае. Камунікаваць з заходнімі палітыкамі яму проста дыскамфортна. Таму нават падчас пэрыяду «разрадкі» з Захадам беларускі лідэр ухіляўся ад візытаў у эўрапейскія краіны, хоць яго настойліва запрашалі. Лукашэнка прызвычаіўся да становішча ізгоя, ягоныя ўяўленьні пра сьвет не выходзяць за межы абывацеля, які глядзіць тэлевізар. І шмат гадоў ён спрабуе даказаць, што гэта ён з Пуціным крочаць у нагу, а ўвесь сьвет — не ў нагу.

Таму ў крытычны момант Такаеў ухіліўся ад моцнай зьвязкі з расейскім агрэсарам. А Лукашэнка ня змог (ці не захацеў, празьмерна разьлічваючы на ўласныя сілы) выскачыць з каляіны, моцна прывязаўся да расейскага «Тытаніка», які з паскарэньнем рухаецца на айсбэрг.