Get Mystery Box with random crypto!

Лукашэнка правёў нараду аб інфармацыйнай палітыцы. Ёю зоймуцца | КАРБАЛЕВІЧ

Лукашэнка правёў нараду аб інфармацыйнай палітыцы. Ёю зоймуцца генэралы
31 травень 2022, 13:56
Валер Карбалевіч

31 траўня Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях інфармацыйнай палітыкі. «Самае галоўнае — мы павінны ўмець весьці контрапрапаганду, як яе называлі раней ў Савецкім Саюзе», — заявіў Лукашэнка падчас нарады яе ўдзельнікам, большасьць якіх была ў генэральскіх мундзірах.

Лукашэнка разважаў пра неабходнасьць даносіць людзям тую інфармацыю, якая выгадная ўладам, выкрываць фэйкі, не саромецца займацца прапагандай.
Надзвычай адметным і сымбалічным аказаўся склад удзельнікаў нарады. Ён вельмі шмат гаворыць пра магчымы зьмест прапановаў, якія вынесьлі на нараду.

З кім Лукашэнка абмяркоўваў захады дзеля ўдасканаленьня інфармацыйнай палітыкі?

Лягічна было б чакаць прысутнасьці там кіраўнікоў дзяржаўных мэдыя, вядомых прапагандыстаў, ідэолягаў.

Але не. Зь сямі ўдзельнікаў нарады там было пяць генэралаў. З улікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі, які да цяперашняй сваёй пасады працаваў першым намесьнікам старшыні КДБ. Нават міністра інфармацыі не запрасілі.

А як генэралы могуць абмяркоўваць пытаньні ўдасканаленьня інфармацыйнай палітыкі? Толькі ў адным кірунку. Як яшчэ забараніць, задушыць незалежныя мэдыя, мацней заціснуць, кінуць у турму, уключыць машыну рэпрэсій. Ні на што іншае генэралы не вучыліся. То бок усё «ўдасканаленьне» зводзіцца да таго, каб заткнуць рот апанэнтам.

Уласна, нічога новага. Але сымбалічна тое, што ўлады ўжо нават не маскуюцца.