Get Mystery Box with random crypto!

Калі гвалт узьведзены ў культ. Ці стане дыктатура мацнейшай, п | КАРБАЛЕВІЧ

Калі гвалт узьведзены ў культ. Ці стане дыктатура мацнейшай, павялічыўшы колькасьць людзей са зброяй
31 травень 2022, 12:25
Валер Карбалевіч

З гледзішча звычайнай лёгікі, у Беларусі адбываюцца ўсё больш дзівосныя рэчы. 27 траўня міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў, што на даручэньне Лукашэнкі ў краіне будзе створана народнае апалчэньне. Што гэта такое, не да канца зразумела. Бо ў беларускім заканадаўстве і дырэктыўных дакумэнтах такога тэрміна няма. Пра народнае апалчэньне можна прачытаць хіба ў кнігах па гісторыі. У Беларусі ўжо ёсьць нейкі падобны інстытут, і называецца ён «тэрытарыяльная абарона».

Чым «народнае апалчэньне» адрозьніваецца ад «тэрытарыяльнай абароны», наўрад ці разумее міністар ды і сам Лукашэнка. Пакуль што гэта голая ідэя. І тое, што яна зьявілася, даволі адметна.

Іншы факт з гэтага ж шэрагу. 29 траўня другі міністар Вадзім Сіняўскі, кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый (МНС), паведаміў, што да 15 чэрвеня супрацоўнікі ягонага ведамства атрымаюць табэльную зброю. Навошта пажарнікам пісталеты? Аказваецца, для змаганьня з масавымі беспарадкамі і на выпадак вонкавай агрэсіі. Так і ўяўляеш, як супрацоўнікі МНС зь пісталетамі спыняць агрэсара.

Агульнае, што аб’ядноўвае згаданыя два факты — гэта імкненьне ўладаў максымальна пашырыць у краіне колькасьць людзей са зброяй. Маўляў, чым больш, тым лепш. Масы сілавых ведамстваў (мінімум восем структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці), аказваецца, мала для гарантый бясьпекі і душэўнага спакою аднаго чалавека.

Лёгіка тут зразумелая і відавочная. Калі гвалт узводзіцца ў культ, ператвараецца ва ўнівэрсальны спосаб вырашэньня ўсіх праблем у краіне, то мілітарызацыя дзяржапарату і ўвогуле ўсяго грамадзкага жыцьця становіцца магістральным кірункам дзяржаўнай палітыкі. Ідэальная мадэль такой дзяржавы — гэта крэпасьць у аблозе.

Варта адзначыць, што мілітарызацыя грамадзкага жыцьця, вялізная роля і ўдзельная вага сілавых структур у палітычнай сыстэме — гэта адметная і вельмі пазнавальная асаблівасьць усіх недэмакратычных рэжымаў. І да 2020 году Лукашэнка імкнуўся ператварыць краіну ў адну вялікую казарму, у якой усе чыноўнікі павінны жыць і працаваць паводле вайсковага статуту, выкарыстоўваць мэханізм мабілізацыі дзеля вырашэньня сацыяльных і эканамічных задач.

Можна прыгадаць некаторыя дырэктыўныя ўказаньні зь ягоных вуснаў:
«Аблічча дзяржаўных органаў павінна адпавядаць ваеннаму часу»;
«Прывядзіце дзяржаўны апарат і апараты на месцах у належны выгляд, каб яны працавалі так, як вайсковыя людзі, таму што дзяржаўны службовец — той жа вайсковец»;
«Калі сяло ня будзе пераведзена на ваенныя рэйкі, калі вы не забясьпечыце нармальную зімоўку жывёлы, то тады будзе канчаткова загублена нацыянальная вытворчасьць»;
«Уводзьце вайсковую дысцыпліну, стаўце задачы — ад сялян да кіраўнікоў выканкамаў».

А пасьля 2020 году мілітарызацыя грамадзкага жыцьця набыла значна большы маштаб. Сілавыя структуры сталі сыстэмаўтваральным элемэнтам лукашэнкаўскай дзяржавы. Значна вырас маштаб гвалту.

Аднак спробы Лукашэнкі максымальна пашырыць колькасьць людзей са зброяй можа ў момант палітычнага крызісу даць адваротны эфэкт. Бо будзе зьмяншацца іхная палітычная ляяльнасьць. Тут працуе адваротна прапарцыйная залежнасьць. Людзі са зброяй, якія выйшлі з падпарадкаваньня ўладара, — гэта вялікая рызыка для рэжыму.