Get Mystery Box with random crypto!

Лукашэнка страціў кантроль над Беларусьсю, але спрабуе даказац | КАРБАЛЕВІЧ

Лукашэнка страціў кантроль над Беларусьсю, але спрабуе даказаць адваротнае, — меркаваньне палітоляга Карбалевіча
24 люты 2022, 15:01
Валер Карбалевіч

24 лютага Расея пачала вайну супраць Украіны. Лукашэнка адмаўляе ўдзел Беларусі ў гэтым канфлікце.

Калі 16 лютага меркаваная вайна так і не пачалася, расейскія і беларускія дзяржаўныя мэдыя нямала зьдзекаваліся з гэтай нагоды. Маўляў, ці вартая цяпер даверу кожная інфармацыя ад ЗША, ці можна верыць амэрыканскай выведцы, прэзыдэнту Байдэну і інш. У сваю чаргу МЗС Расеі цьвёрда запэўнівала, што РФ не зьбіраецца нападаць на Ўкраіну.

Падзеі 24 лютага ўсё расставілі на свае месцы. Лукашэнка ня раз казаў, што Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у вайне, калі на яе не нападуць.

22 лютага, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным «Дню абаронцаў Айчыны», ён заявіў: «Запомніце: улада і я, як прэзыдэнт, буду рабіць усё для таго, каб Беларусь была мірным астраўком на гэтай звар’яцелай плянэце».

Нібы дзеля зьдзеку ў праект новай Канстытуцыі (ужо трэці дзень ідзе датэрміновае галасаваньне на рэфэрэндуме) быў унесены пункт: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію з сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў».

На гэтым тле ўсё больш паступае інфармацыі, што ваенны напад на Ўкраіну ідзе ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка заявіў, што ён гэтага не выключае, але абверг, што ў гэтым удзельнічаюць беларускія вайскоўцы.

І яшчэ своеасаблівая інтэрпрэтацыя апошніх падзеяў з вуснаў Лукашэнкі.

Ён апавядае, што Пуцін паведаміў яму пра спэцапэрацыю Расеі на Данбасе. Маўляў, каб спыніць «генацыд» грамадзян, што жывуць у «ДНР» і «ЛНР».

Між тым расейская атака адбываецца і далёка ад Данбасу, на ўсёй мяжы Расеі і Ўкраіны і глыбока на ўкраінскай тэрыторыі. Ідзецца пра маштабную вайну, а не пра лякальную спэцапэрацыю.

І з выступу Пуціна вынікае, што Масква ставіць задачу «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі» Ўкраіны, а таксама «прыцягнуць да «адказнасьці» ўкраінскіх кіраўнікоў. То бок гаворка пра зьмену дзяржаўнага ладу Украіны. Усё гэта не падобна да лякальнай спэцапэрацыі на Данбасе.

Лукашэнка ўсю адказнасьць за наступствы вайны ўскладае на Ўкраіну. І гэта выглядае вельмі дзіўна. Напрыклад, ён кажа, што беларускія вайскоўцы напярэдадні папярэджвалі ўкраінскіх пра хуткі пачатак вайны. Але які гэта сакрэт? Пра пагрозу вайны ўжо некалькі месяцаў кажуць усе сусьветныя мэдыя.
Яшчэ адзін тэзіс. Лукашэнка фактычна абвінавачвае Кіеў у тым, што ён адмовіўся капітуляваць перад Расеяй. Маўляў, трэба было міністру абароны Ўкраіны патэлефанаваць у Маскву і пагадзіцца на расейскія ўмовы.
Усе гэтыя пасажы сьведчаць, у якой разгубленасьці знаходзіцца Лукашэнка. Ягоная аргумэнтацыя на карысьць Расеі выглядае ўсё больш далёкай ад рэальнасьці.

Лукашэнка заявіў, што ён сам папрасіў Пуціна, каб расейскія войскі засталіся ў Беларусі з прычыны пагрозы з боку Ўкраіны. Бо было шмат камэнтароў, што Лукашэнка ўжо не ўплывае на гэтую сытуацыю, ён не гаспадар тут, усё вырашае Пуцін. Таму ён імкнецца даказаць, што ўсё ня так, сытуацыя пад ягоным кантролем. Атрымалася ня вельмі. Бо калі кіраўнік просіць пра ўвод на сваю тэрыторыю замежных войскаў, каб абараніцца ад суседа, то які плён 27-гадовай дзейнасьці дзеля будаўніцтва беларускіх Узброеных сілаў і нацыянальнай дзяржаўнасьці?

У гэтым сэнсе вельмі цікавы сюжэт, калі Лукашэнка прызнаé, што расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну. І сам Лукашэнка, паводле ягоных словаў, даведаўся пра гэта са СМІ. Вось дык гаспадар, усемагутны дыктатар Беларусі! Як вынікае, краіна ператварылася ў прахадны двор для расейцаў? Нейкі генэрал тут робіць што хоча, нават не папярэдзіўшы Лукашэнку.

Калі Лукашэнка спрабуе неяк выкруціцца зь непрыемнай сытуацыі, ён абавязкова прагаворыцца.