Get Mystery Box with random crypto!

Як прызнаньне Пуціным «ДНР» і «ЛНР» паставіла Лукашэнку ў рызы | КАРБАЛЕВІЧ

Як прызнаньне Пуціным «ДНР» і «ЛНР» паставіла Лукашэнку ў рызыкоўнае становішча
22 люты 2022, 15:41
Валер Карбалевіч

Знакавым выступ Уладзіміра Пуціна робіць ня толькі заява аб прызнаньні незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», але і яе філязофскае абгрунтаваньне. А яно вельмі адметнае.

Дасюль усе дзеяньні ў кірунку эскаляцыі канфлікту з Захадам і Украінай Масква апраўдвала агрэсіўнымі паводзінамі, плянамі і намерамі NATO, ЗША, ЭЗ. Маўляў, кепскія заходнія краіны ня любяць Расею, учыняюць усякія падкопы, хочуць разбурыць, захапіць і інш. Гэтыя матывы гучалі ў апошнім выступе Пуціна таксама, але неяк на пэрыфэрыі ўвагі.

Галоўны патас выступу быў у іншым. Ён палягае ў гістарычнай крыўдзе Расеі з прычыны распаду СССР. Гэтую крыўду нанесьлі савецкія кіраўнікі ад Леніна да Гарбачова, якія стварылі саюзныя рэспублікі і тым самым заклалі міну пад існаваньне Савецкага Саюзу, спрыялі фармаваньню незалежных дзяржаваў на постсавецкай прасторы. Пуцін наракае, што многія гістарычныя расейскія землі апынуліся на тэрыторыі гэтых дзяржаваў. І лічыць гэта вялікай несправядлівасьцю. Прэзыдэнт Расеі мяркуе, што прыйшоў час аднавіць справядлівасьць, вярнуць рускія землі на гістарычную радзіму.

Такім чынам, Масква канстатуе, што не прызнае вынікаў распаду СССР і межаў, зафіксаваных у 1991 годзе. І аб’яўляе сваё гістарычнае, маральнае, а значыць і палітычнае права на перагляд таго, што ён ня раз называў «геапалітычнай катастрофай». Вось гэты канцэптуальны рэвізіянізм Пуціна разбурае ўсю архітэктуру міжнароднай бясьпекі. Ня кажучы ўжо пра постсавецкую прастору. Бо для постсавецкіх дзяржаваў гэта ня проста філязофская канцэпцыя, а рэальная пагроза. У практычным сэнсе такая пазыцыя Масквы выявілася ў рашэньні наконт «ДНР» і «ЛНР».

Гэта асабліва актуальна для Беларусі. Расейскія палітыкі не хаваюць, што існаваньне беларускай дзяржаўнасьці — гэта нейкае непаразуменьне. 27 гадоў Лукашэнка ўсяляк падыгрываў гэтым уяўленьням, увесь час казаў, што мы, маўляў, адзін народ, Расея — наш старэйшы брат і г.д.

І вось цяпер уся гэтая палітыка «братняй інтэграцыі» можа даць нечаканыя вынікі. Пуцін раптам скажа: калі мы адзін народ, то навошта вам асобная дзяржава?

Лукашэнка інстынктыўна разумее, што трапіў у вельмі рызыкоўнае становішча. Трэба будзе прымаць непрыемнае рашэньне наконт прызнаньня «ДНР» і «ЛНР». Ён жа абяцаў, што будзе ўзгадняць гэтае пытаньне з Пуціным.

І тут праблема ня толькі ў нэгатыўнай рэакцыі Ўкраіны, у новых санкцыях Захаду ў разе такога прызнаньня. Неўзабаве ўзьнікне праблема ўступленьня «ДНР» і «ЛНР» у «саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі». А там папросяцца ў гэты саюз Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, Прыднястроўе. «Саюзная дзяржава» з структуры, якая давала лукашэнкаўскай Беларусі эксклюзіўныя магчымасьці атрымоўваць расейскія эканамічныя субсыдыі, ператворыцца ў хаўрус марыянэтак Расеі. Статус Беларусі рэзка зьнізіцца да ўзроўню гэтых амаль нікім не прызнаных маленькіх напаўдзяржаўных утварэньняў.

Невыпадкова цэлыя паўдня 22 лютага (на момант напісаньня блогу) афіцыйны Менск маўчыць, ніяк не камэнтуе гэты паварот у расейскай палітыцы. Што сьведчыць пра многае.