Get Mystery Box with random crypto!

Лукашызм сілкуецца пуцінізмам. Гаворка ня толькі пра эканамічн | КАРБАЛЕВІЧ

Лукашызм сілкуецца пуцінізмам. Гаворка ня толькі пра эканамічную, фінансавую, палітычную, дыпляматычную, інфармацыйную дапамогу Расеі беларускаму рэжыму. Калі Лукашэнка цьвердзіць, што гісторыя яго апраўдае, ён спрабуе ўпісацца ў расейскі ідэалягічны дыскурс. А гэты апошні грунтуецца на цывілізацыйным супрацьстаяньні вераломнаму Захаду, які нібыта дамагаецца сусьветнага панаваньня і з дапамогай сваёй дэмакратычнай ідэалёгіі і паліттэхналёгіі імкнецца разбурыць традыцыйныя славянскія каштоўнасьці. У Расеі такі дыскурс працуе. І гэта так ці інакш уплывае на беларускае чынавенства, дадаючы моцы лукашэнкаўскаму рэжыму.

Думаецца, дарэчнымі будуць у пэўным сэнсе параўнаньні беларускай контрарэвалюцыі з задушэньнем антыкамуністычнай аксамітавай рэвалюцыі ў Кітаі. Там 4 чэрвеня 1989 году войскі патапілі ў крыві студэнцкую дэманстрацыю на плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне. Тысячы загінулі.

Але я б зьвярнуў увагу да два важныя адрозьненьні. Па-першае, да 1989 году за сьпінаю тагачаснага кіраўніцтва КНР была гісторыя посьпеху. Ужо 10 гадоў у краіне ішлі эканамічныя рэформы, пачатыя Дэн Сяопінам. Яны пасьпелі прынесьці эфэкт, што адчула большасьць насельніцтва, узровень дабрабыту людзей павышаўся на вачах. І гэта пэўным чынам легітымізавала сілавое задушэньне выступу студэнтаў у вачах насельніцтва.

У Беларусі за апошнія 10 гадоў узровень дабрабыту ўпаў. Сярэдні заробак застыў на планцы 500 даляраў, аднак даляр за дзесяцігодзьдзе дэвальваваўся на 20%.

Па-другое, пасьля падзей 1989 году ў Кітаі не адбылася рэстаўрацыя ранейшай сыстэмы, краіна не вярнулася ў часы Мао Цзэдуна. Там працягваліся эканамічныя рэформы, якія прывялі да бурнага росквіту КНР. І таму цяперашняе кітайскае кіраўніцтва можа апэляваць да гэтага і гаварыць, што гісторыя апраўдала тагачасныя крокі лідэраў краіны.

А Лукашэнка вяртае Беларусь у часы СССР, ва ўсялякім разе што тычыцца палітычнай сыстэмы, ролі спэцслужбаў, замежнай палітыкі, ператварае дзяржаву ў краіну-ізгоя.

Тупіковасьць такога варыянту контрарвалюцыі відавочная ўсім.