Get Mystery Box with random crypto!

«Выказала падзяку Максіму Знаку, чым парушыла правілы правядзе | Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

«Выказала падзяку Максіму Знаку, чым парушыла правілы правядзення масавых мерапрыемстваў». Выпускніцу юрфаку БДУ Кацярыну Віннікаву арыштавалі на 15 сутак

29 чэрвеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў Кацярына Віннікава выступіла з натхняльнай прамовай, у якой падзякавала юрыстам і выкладчыкам, сярод якіх быў і палітвязень Максім Знак. 1 чэрвеня ў дзяўчыны ў інтэрнаце правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбук, а яе саму дапытвалі некалькі гадзінаў у РУУСе, прычым адваката падчас допыту не пусцілі. У Ленінскім РУУСе на Кацярыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

2 ліпеня справу Кацярыны Віннікавай разглядзелі ў судзе Ленінская раёна. Судзіла дзяўчыну Марына Клімчук. Згодна з пратаколам, Віннікава «правяла пікетаванне шляхам выказвання грамадзка-палітычных поглядаў, выступала на сцэне супраць пераследу юрыстаў». Кацярына сваю віну не прызнала.

Па словах Віннкавай, на ўручэнне дыплома былі запрошаныя ўсе студэнты 4 курса з мэтай уручэння дыпломаў, а сама цырымонія пачыналася ў 18:00. Было прапанавана лепшым студэнтам выступіць з падзячнай прамовай, таму яна, як чырвонадыпломніца, выйшла на сцэну з падзячнай прамовай. Яна тлумачыць, што выступала з удзячнасцю выкладчыкам, а Максіма Знака згадала толькі адзін раз. Суддзя запытала, які сэнс укладвала дзяўчына ў сваю прамову, на што тая адказала: «Дзякавала настаўнікам і тым, хто ўкладваў свае сілы і атрымаў дыплом юрфака БДУ». Кацярына адмаўляе, што такім чынам выказвала сваю палітычную пазіцыю, і нагадвае, што яна выходзіла не па ўласнай ініцыятыве, а гэта толькі было часткай праграмы.

На судзе выступілі выкладчыкі і студэнты БДУ, якія пацвердзілі, што прозвішча Знака Кацярына назвала толькі адзін раз. Усе характарызуюць яе толькі са станоўчага боку. У рапарце супрацоўніка міліцыі сказана, што "падчас маніторынгу інтэрнэту знайшоў запіс на якім відаць, што Віннікава, выступаючы са сцэны, выказала падзяку Максіму Знаку, чым парушыла правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама была ў белай сукенцы з чырвоным поясам".

Суддзя Клімчук адхіліла хадайніцтвы адваката аб тым, каб далучыць да матэрыялаў справы каталогі дзвюх крам, з такімі жа сукенкамі, а таксама фатаграфіі беларускіх хакеістаў у бел-чырвона-белых расфарбоўках.

У выніку, суддзя Клімчук прызнала выпускніцу юрфаку БДУ вінаватай і арыштавала яе на 15 сутак.