Get Mystery Box with random crypto!

50 гадоў таму быў забіты мастак Лявон Баразна. Публікуем гісто | НАША МОВА

50 гадоў таму быў забіты мастак Лявон Баразна. Публікуем гісторыю забойства з кнігі МОВА 404, якую распавёў Адам Глобус.

Лявон Баразна і мова

Лявон Баразна атрымаў удар нажом. З цёмнай аркі ён, моцна хістаючыся, выйшаў у светлы двор, дзе паваліўся і некалькі гадзін праляжаў на зямлі, непадалёк ад сваёй мастакоўскай майстэрні. Суседзі думалі, што мастак проста перабраў са спіртным, таму не выклікалі дапамогу.

Гісторыю пра забойства Лявона Баразны я чуў ад бацькоў. Адной з прычын ягонага забойства была беларуская мова. Канфлікт пачаўся ў кінатэатры “Перамога”, дзе у час дэмастрацыі фільма два бандзюкі прыставалі да маладой жанчыны. Лявон Баразна разам з адміністратаркай кінатэатра спыніў сеанс і выгнаў бандзюкоў з кіназалы. Яны паабяцалі, што пачакаюць Баразну на вуліцыі разбяруцца з ім і з ягонай беларускай мовай. Пасля сеанса яны напалі на мастака каля кінатэатра. Магутны Баразна надаваў кухталёў дробным нахабам. Яны пачалі ўцякаць. Ён пабег за імі. Бандзюкі забеглі ў арку, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Адзін з іх прабег арку наскрозь, а другі схаваўся за выступ у сцяне, каб ударыць Баразну нажом у спіну. Бандыт здзейсніў свой намер і забіў аднаго з самых яркіх культурных дзеячаў тагачаснай Беларусі.

Для мяне ў бацькоўскім апавяданні вельмі важным было тое, што Лявон Баразна пацярпеў за мову. Яго забілі не толькі за тое, што бараніў жанчыну ад гвалту, забілі за нашу мову.

Забойцаў знайшлі і судзілі, але на судзе не абмяркоўвалі той факт, што адным з матываў забойства Лявона Баразны была і нянавіць, нянавіць на нашай беларускай мовы.