Get Mystery Box with random crypto!

Канец эпохі імітацыі Пакуль стужка запоўнена сьмерцямі і нара | Цыганкоў

Канец эпохі імітацыі

Пакуль стужка запоўнена сьмерцямі і нараджэньнямі, трохі па-за ўвагай засталіся апошнія выказваньні Лу, які, магчыма, засьведчаць канец эпохі. Канец эпохі імітацыі.

“Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям абіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе», — сказаў Лукашэнка.

Усе апошнія гадоў 25, пасьля 1996-га, улада ў Беларусі была заклапочана імітіцыяй выбараў, імітацыяй існаваньня грамадзянскай супольнасьці, імітацыяй існаваньня свабодаў і плюралізму. Дзеля гэтага ствараліся розныя структуры, арганізоўваліся складаныя спецапэрыцыі пад назвай «выбары», якія, аднак, ня гледзячы на загадзя вядомы вынік, усё роўна станавіліся штуршком для народных пратэстаў. А 2020-ы стаў настолькі магутным узрушэньнем для і так нестабільнай псіхікі аднаго чалавека – што ён вырашыў: “ніколі зноў”, такое больш не паўтарыцца!

Цяпер усё. Імітацыя дэмакратыі больш ня будзе, імітацыі нейкіх сусьветных правілаў, нейкіх "выбараў", нібыта ў нас «усё як у людзей» -- ня будзе. Афіцыйная Беларусь больш не прэтэндуе ўваходзіць у сям'ю сучасных народаў. Макей, які раней даказваў заходнім партнэрам, што «дайце нам час, не ўсё адразу, не прысьпешвайце, мы паступова ідзем да вашых каштоўнасьцяў, але не ўсё хутка робіцца» -- цяпер, відаць, у сваіх лістах заходнікам будзе цытаваць Азаронка.

Нехта можа падумаць, што нават лукашыстам стане “няёмка” ад таго, што іхняга лідэра цяпер ня будуць “усенародна выбіраць”. Бо яны ж гадамі тлумачылі сваю адданасьць правадыру афіцыйнымі “вынікамі” выбараў. Але, думаю, людзям, якія засталіся “лукашыстамі” пасьля жніўня 2020-га, ужо усё роўна. Што б ён не рабіў, хоць бы ён гвалціў ці забіваў у жывым эфіры – яны гэта апраўдаюць. Мы ўсе баімся рэзкіх словаў, але мне падаецца, трэба прызнаць праўду – гэта проста псіхічна неадэкватныя, душэўна нездаровыя людзі.

Сярод многіх наступстваў гэтага кроку, адмовы ад выбараў, варта выдзяліць наступны. Цяпер нават фармальна і юрыдычна зьнікае любая магчымасьць законнай, легальнай зьмены ўлады. Застаюцца толькі іншыя шляхі.