Get Mystery Box with random crypto!

Алесь Разанаў – вялікі паэт Беларусі Новы выпуск на канале CH | Супер Мова

Алесь Разанаў – вялікі паэт Беларусі
Новы выпуск на канале CHADANOVIČ

Да гадавіны са дня смерці Алеся Разанава, беларускага паэта, перакладчыка і творцы, які апярэдзіў свой час, Андрэй Хадановіч згадвае шлях, вялікія словы і паэтычныя адкрыцці вялікага беларуса.

Сёння расказваем:
- як Разанаў спрабаваў падняць студэнцкае паўстанне ў 1968-м, ці чым было гэта ўвогуле;
- чым паэту абавязаныя ўсе аматары беларускага спорту;
- чаму Разанаў – містыфікатар, які пераклаў вершы, якіх не было;
- як Максім Танк дапамог Разанаву давучыцца, а Уладзімір Караткевіч выдаць кнігу.
- ці сапраўды МТС узяў ідэю Разанава для свайго лога.

Вось некалькі думак з новага відэа:

Легендарная ўжо па сваёй пераломнасці, рэвалюцыйнасці кніга “Шлях-360”, якую вельмі не проста было прабіць праз цэнзуру. Мабыць таму рэдактарам на грамадскіх пачатках выступіў Уладзімір Караткевіч, мабыць таму ў кнізе была і прадмова народнага паэта Пімена Панчанкі, і паслямова знакамітага крытыка Варлена Бечыка, якія цэлай камандай дапамагалі прарвацца гэтай кнізе да свайго чытача.

Адзін з самых славутых наватвораў Алеся Разанава складанае слова “яйкаквадрат”. “Яйкаквадраты” – цыкл з 6 твораў на мяжы візуальнага і канцэптуальнага мастацтва. Алесь Разанаў разам з мастаком Віктарам Маркаўцом яшчэ ў 1992 годзе стварылі свае знакамітыя яйкаквадраты. Яйка, упісанае ў квадрат і спалучанае з кантрастам трох колераў: чорна-белага, чорна-чырвонага альбо бела-чырвонага. Адзін з яйкаквадратаў непазбежна бел-чырвона-белы.
Вярнуўшыся ў 2006-м у Мінск, паэт, паводле яго ўспамінаў, быў агаломшаны: увесь Мінск быў у білбордах з яго з Маркаўцом творамі. Рэч у тым, што мабільная кампанія МТС скарысталася гэтай ідэяй з чырвона-белых і бела-чырвоных яйкаквадратаў.

Алесь Разанаў, які ў чымсьці найбольш сутнасным паўтарыў шлях Францішка Скарыны: з’ехаў з Беларусі, зведаў шматлікія краіны, некалькі разоў перайшоў моўныя рубяжы, напісаў кнігу паэзіі па-нямецку, па-літоўску, паспрабаваў пісаць па-славенску, але вярнуўся пасля вымушанага выгнання на Радзіму. Паспеў падвесці вынікі творчасці, сабраўшы свае творы ў шматлікія тамы паводле жанраў, але разам з тым яго паэзія застаецца нявычарпанай і пакідае з кожным адказам новыя таямніцы і новыя загадкі для чытачоў.

Светлая памяць Алесю Разанаву. Чытайце яго творы, глядзіце новы выпуск, стаўце падабайкі і дзяліцеся з сябрамі і сяброўкамі: