Get Mystery Box with random crypto!

​​Беларускае – горш за расейскае. Яны зламалі стэрэатып, які п | Супер Мова

​​Беларускае – горш за расейскае. Яны зламалі стэрэатып, які паралізаваў грамадзтва

21 ліпеня 1995 году пачала вяшчаньне беларускамоўная незалежная радыёстанцыя Радыё 101,2 FM («Гарадзкі канал»). 31 жніўня 1996 году яна была зачыненая і вось чаму.

Ад самага пачатку вяшчаньня Радыё 101,2 была ўведзеная прынцыповая адмова ад расейскамоўных песень у этэры. Выключэньні рабіліся толькі для анансаваньня канцэртаў расейскіх гуртоў, інфармацыйнымі фундатарамі якіх зьяўлялася радыё, або падчас жывых інтэрвію з расейскімі музыкамі.

Вяшчаньне радыёстанцыі працягвалася ад 8 гадзіны раніцы да 18 гадзіны вечару. Аўтарскія перадачы і этэры на радыё вяліся толькі па-беларуску за выключэньнем інтэрвію ў жывым этэры, калі суразмоўцы кепска валодалі беларускай мовай. Музычная палітыка радыёстанцыі вызначалася пераважна асабістымі густамі вядоўцаў і гукарэжысэраў.

Вяшчаньне ажыцьцяўлялася з студыі радыёстанцыі, якая разьмяшчалася на другім паверсе па вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а ў Менску. Дарэчы, Радыё 101,2 першым распачало практыку выступаў музычных гуртоў у жывым этэры, якая ладзілася ў межах праграмы Касі Камоцкай «ПраРок».

З Сусьветнай службай Бі-Бі-Сі ў 1995 годзе была падпісаная дамова, у адпаведнасьці зь якой радыё запісвала, перакладала і выпускала ў этэр выпускі навінаў Бі-Бі-Сі, а таксама шэраг ліцэнзійных музычных праграмаў.

У 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі змагло пазнаёміцца з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў заходняй суседкі.

30 жніўня 1996 году рэдакцыя Радыё 101,2 па факсе атрымала паперу зь Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь за подпісам кіраўніка дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі БелГІЭ спыніць экплюатацыю перадатчыка на частасьці 101,2 МГц з 1 верасьня 1996 году «ў мэтах пазьбяганьня перашкодаў у прыёмных каналах ЦС РТС „Алтай“». Цягам усяго дня 31 жніўня супрацоўнікі радыё перад выпускамі навінаў зачытвалі тэкст заявы з папярэджаньнем пра хуткае гвалтоўнае спыненьне сваёй працы. Вяшчаньне было спыненае роўна а 20-й гадзіне.

Пасьля спыненьня перадатчыка супрацоўнікі радыё ладзілі вулічныя пікеты і дамагаліся адказаў афіцыйных уладаў, але вынікаў гэта не дало.

Дырэктар радыёстанцыі Дзьмітры Новікаў пракамэнтаваў закрыцьцё радыёстанцыі 101,2 наступным чынам: “Наша грамадзтва спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расейскае. Мы зламалі гэты стэрэатып… Таму нас і зачынілі, бо спужаліся разьвіцьця — незалежнасьці ў галовах”.

Літоўская асацыяцыя радыё й тэлебачаньня, «Рэпартэры бязь межаў», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя асудзілі закрыцьцё радыё напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году.

Радыё 101,2 было сапраўды легендарным: тут вялі праграмы Кася Камоцкая, Зьміцер Падбярэскі, Вольга Караткевіч і Лявон Вольскі. Пасьля закрыцьця радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

31 жніўня 1996 году ў этэры Радыё 101,2 прагучала апошняя песьня. Ёю стала I’ll Be Back Again гурта The Beatles.

Вернуцца. Верым.

#мова #supermova #радыё #беларускаерадыё