Get Mystery Box with random crypto!

Наступны дом на Мільённай – прыбытковы дом Шляка Па гэтаму до | Пошукі старога Гомеля

Наступны дом на Мільённай – прыбытковы дом Шляка

Па гэтаму дома чарцяжы пакуль не знойдзеныя, але мы з задавальненнем аднавілі яго знешні выгляд па старых фотаздымках. Аб доме можна сказаць, што з'явіўся ён недзе ў другой палове 19 стагоддзя. Прыкладна тады, калі дойліды засвоілі цагляны стыль і перасталі тынкаваць фасады, але яшчэ не пачалі рабіць з цэглы вельмі складаны дэкор. З такіх асаблівасцяў можам меркаваць, што дом зʼявіўся прыкладна ў 1870-х гадах.

На першым паверсе дома знаходзіліся арэндныя плошчы для крамаў, дакладна можна казаць пра аптэку гаспадара дома, на другім паверсе – арэндныя кватэры.

На пачатку 20 стагоддзя адрас будынку прывязваўся да Мільённай плошчы. Такі тапонім утварыўся, калі будынак Гарадской думы у 1889 годзе візуальна адрэзаў кавалак Базарнай плошчы. На гэтым кавалку зямлі ў 1909 годзе быў арганізаваны Гогалеўскі сквер.

Падобна, што згарэў у вайну і ў такім выглядзе прастаяў да 1950-х гадоў, калі гомельскі архітэктар Аляксандр Касякоў уклчыў яго ў абʼём «адміністратыўнага зданія». Менавіта так у савецкім фотаальбоме называўся будынак змрочнага ўпраўлення МГБ-КГБ.

Будынак, з надбудаваным трэцім паверхам, стаў левым крылом упраўлення. Правей быў узведзены портык і сіметрычнае правае крыло. Цагляны дэкор старога прыбытковіка не збівалі – ён стаў асновай для ўпрыгожанняў у стылі «сталінскага» ампіру.