Get Mystery Box with random crypto!

Як пазначалася вышэй, беларускі прафесійны стаерскі бег у 2022 | РобімНогі

Як пазначалася вышэй, беларускі прафесійны стаерскі бег у 2022-м годзе фактычна аказаўся абмежаваным ўнутранымі спаборніцтвамі. Адсутнасць належнага канкурэнтнага асяроддзя і матывацыі адыграла сваю ролю: у выніку вялікіх дасягненняў на доўгіх дыстанцыях не назіралася. Паспрабуем коратка распавесці пра асноўных прадстаўнікоў стаерскага бегу ў Беларусі і пра іх дасягненні ў 2022-м.

Лепшая беларуская марафонка Вольга Мазуронак на афіцыйных спаборніцтвах у 2022-м годзе не выступала: апошнім для яе стартам застаецца забег на Алімпіядзе ў Японіі ў жніўні 2021 года, дзе легкаатлетка заняла 5 месца. Тым не менш Вольга працягвае трэніроўкі, верагодна з намерам прыняць удзел у Алімпіядзе-2024.

Галоўным стартам 2022 года для Ніны Савінай, таксама ўдзельніцы марафонскага забегу на Алімпіядзе ў Японіі, стаў чэмпіянат Беларусі па марафоне. У канкурэнтнай барацьбе спартсменка перамагла з лепшым часам сезону ў марафоне сярод беларусак – 2:32:35. Але інтрыга ў забегу трымалася да апошняга: Марына Даманцэвіч адстала ўсяго на 19 секунд. Зрэшты сама Марына правяла зусім нядрэнны сезон на ўнутранай арэне: апроч марафонскага срэбра, ўдзельніца Алімпіяды ў Рыё-2016 ў гэтым сезоне перамагла ў чэмпіянаце Беларусі на “дзясятцы” і другі раз у кар’еры – на Мінскім паўмарафоне.

На трэцюю прыступку п’едысталу Мінскага паўмарафона-2022 узнялася двухразовая удзельніца Алімпійскіх гульняў Святлана Кудзеліч. У Лондане-2012 і Рыё-2016 яна выступала ў бегу на 3000 м з перашкодамі, але зараз перакваліфікавалася на доўгія дыстанцыі і рыхтуецца да алімпійскага марафону ў Парыжы-2024. У 2022 годзе менавіта Святлане належыць лепшы час сярод беларусак на паўмарафонскай дыстанцыі – 1.14.33 (Turkistan Marathon-2022, Казахстан).

Сярод мужчынаў лепшы час у паўмарафоне належыць 26-гадоваму Раману Адамовічу. Паказаў ён яго на пераможным для сябе Косцянскім паўмарафоне ў Польшчы – 1:04:25. На Мінскім паўмарафоне-2022 Раман стаў другім, але паказаў першы вынік сярод беларусаў. У выніку Раману прапанавалі месца ў нацыянальнай камандзе, але той адмовіўся і прыняў рашэнне працягваць спартыўную кар’еру ў Польшчы.

Эміграцыя заўважных прадстаўнікоў беларускай бегавой супольнасці апошнія два гады з’яўляецца досыць заўважнай з’явай. Узгадаем таксама пераезд у Польшчу вядомага папулізатара бегу на доўгія дыстанцыі Тараса Цялькоўскага, вядомага прабегам у 2017 годзе ў Мінску: 500 км за 5 дзён у гонар 500-годдзя выдання Скарынаўскай Бібліі. У сыходзячым годзе Тарас адзначыўся некалькімі паспяховымі стартамі ў Польшчы, у тым ліку перамогай на 5000 м у межах 30-га Забегу Канстытуцыі ў Варшаве (усяго спаборніцтва сабрала 2981 фінішора). Заўважым, што Тарас не з'яўляецца прафесійным спартоўцам.

З натхняльных вынікаў сезону: выступ 37-гадовага Уладзіслава Прамава на Магілёўскім марафоне. Ён упэўнена перамог і паказаў вельмі добры вынік – 2.12.34. Гэта персанальны рэкорд Уладзіслава і вынік усяго ў паўтары хвілінах ад рэкорду нацыянальнага (што праўда, гучаць заўвагі, што дыстанцыя Магілёўскага марафона была меншая за марафонскую). Стабільна атлет выступіў таксама і ў чэмпіянатах Беларусі ў паўмарафоне (2-е месца) і на 10 км (3-е месца).

Безумоўна, адным з галоўных герояў беларускай лёгкай атлетыкі ў 2022 годзе стаў 23-гадовы Ілля Карнаухаў. Што праўда, яго дасягненні датычаць бегу на сярэднія дыстанцыі: ён двойчы за год пабіў рэкорд Беларусі на 1500 метраў, які трымаўся больш за 30 гадоў; і ўсталяваў новы рэкорд Беларусі на 1500 метраў у памяшканнях. У забегах на больш доўгія дыстанцыі Ілля таксама прымаў удзел і перамагаў, але паказваў больш сціплыя вынікі. Тым не менш няма сумневаў, што спартсмен у будучым мае патэнцыял і ў бегу на доўгія дыстанцыі.