Get Mystery Box with random crypto!

Найперш паспрабуем падвесці вынікі бегавога сезону-2022 у Бела | РобімНогі

Найперш паспрабуем падвесці вынікі бегавога сезону-2022 у Беларусі. Пачнем з прафесійнага спорту.

Год быў няпростым, і для спартоўцаў прайшоў пад знакам міжнароднай ізаляцыі. У сакавіку Міжнародная асацыяцыя легкаатлетычных федэрацый (World Athletics) адхіліла расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, якія ладзяцца пад яе эгідай. А між іншым гэта чэмпіянаты свету і “Дыяментавая ліга” – найбольш прэстыжныя спаборніцтвы ў свеце лёгкай атлетыкі, калі не лічыць Алімпійскіх гульняў. Арганізатарам іншых міжнародных спаборніцтваў пакінулі права самім вызначаць ці варта дапускаць беларусаў да ўдзелу і на якіх умовах. Але выключэннем сталі ўнутрырасійскія спаборніцтвы: World Athletics забараніла ўдзел замежных спартоўцаў (у тым ліку беларусаў) у спаборніцтвах у Расіі, пакуль Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі будзе абмежавана ў правах.

І так сталася, што беларускія лёгкаатлеты аказаліся ў выключнай ізаляцыі, непараўнальнай нават з ізаляцыяй расійскіх спартоўцаў. Расіяне маглі выступаць за мяжой у нейтральным статусе: возьмем да прыкладу, пераможцу Мінскага паўмарафона-2022 Рынаса Ахмадзеева. Апроч Беларусі, ён перамагаў на забегах у Казахстане, Азербайджане, Турцыі. Беларускія ж бегуны на доўгія дыстанцыі, у прыватнасці тыя, што ўваходзяць у склад нацыянальнай каманды, былі вымушаныя абмежавацца спаборніцтвамі ўнутры краіны. Пра персанальныя дасягненні найбольш яскравых беларускіх прадстаўнікоў бегу на доўгія дыстанцыі распавядзем у наступным пасце.

Што да меркаванага ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024 у Парыжы, то канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае, хоць увесь год у Міжнародным алімпійскім камітэце вяліся дыскусіі наконт допуску/нядопуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да галоўнага спартыўнага свята чатырохгоддзя.

Таксама заўважым, што апошнім часам у кіраўніцтве World Athletics пачынаюць размяжоўваць расійскіх і беларускіх спартоўцаў. Спартовых чыноўнікі Міжнароднай асацыяцыі заяўляюць пра магчымасць змягчэння санкцый у дачыненні да беларускіх легкаатлетаў ужо на бліжэйшым паседжанні World Athletics, якое адбудзецца ў сакавіку 2023 года.