Get Mystery Box with random crypto!

З Друі ў Росіцу вырушыла пілігрымка памяці святароў Антонія Ля | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

З Друі ў Росіцу вырушыла пілігрымка памяці святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія загінулі 17 і 18 лютага 1943 года. У Наваградку на днях ушаноўвалі наваградскіх мучаніц – 11 манашак, забітых у тым самым годзе.

Згадваючы смерці іх і іншых ахвяраў нацысцкага ці любога іншага акупацыйнага рэжыму, хрысціяне ўваходзяць у супрацьстаянне з абсалютызатарамі тэзісу пра тое, што ўсялякая ўлада ад Богу. Бо калі гэты прынцып абсалютны, асабліва ў той ступені, як яго пастулююць разнастайныя прыхільнікі дыктатарскіх рэжымаў, то і нацысты таксама ад Бога, бо:
- у 1943 годзе яны здзяйснялі ўладу ў Беларусі,
- яны цалкам падпадаюць пад вызначэнне “ўсялякая”.

Але ж ніхто ў здаровым глуздзе не будзе сцвярджаць, што нацысты былі пасланыя Богам. Хіба толькі ў выпадку пакарання. А раз нацысты не ад Бога, значыць, і не ўсялякая ўлада ад Бога. Што мы бачым, напрыклад, у супрасьстаянні Майсея фараону, а макавеяў – сірыйцам.

А раз тэзіс гэты не абсалютны, то значыць, што і дамарошчаныя дыктатары таксама не заслугоўваюць безумоўнага ўшанавання. Як, напрыклад, Давід паўстаў супраць Саула.

Агулам жа тэзіс пра ўсялякую ўладу ад Бога адлюстроўвае важнасць улады самой па сабе: манархічнай, рэспубліканскай, племянной і гэтак далей. Насамрэч, гэты тэзіс выступае ў супрацьстаянне з безуладдзем і беззаконнем. Пры гэтым носьбіты ўлады самыя мусяць падначальвацца ўладзе – закону, запісанаму, напрыклад, у Канстытуцыі, а не заяўляць, што “часам не да законаў”. Бо “той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду”.