Get Mystery Box with random crypto!

Апошнімі днямі абвастрылася пытанне наконт таго, як зрабіць пр | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

Апошнімі днямі абвастрылася пытанне наконт таго, як зрабіць працу дэмакратычных сілаў больш эфектыўнай і тым самым наблізіць змены ў Беларусі. Але ва ўмовах, калі Беларусь захопленая фашысцкім рэжымам без ідэалогіі, найбольш актыўныя сілы або выціснутыя з краіны або зняволеныя ў вязніцах, а вакол ідзе вайна і нарастае эскалацыя не так і шмат працоўных варыянтаў.

Наколькі моцна дзеянні дэмакратычных сілаў за мяжой змогуць разварушыць сітуацыю ўнутры краіны? Пытанне, хутчэй, рытарычнае.

Ці зможа фармаванне ўраду Ціханоўскай змяніць расклады сілаў? Гэта, безумоўна, пытанне важнае, але перадусім на перспектыву – на час перамоваў і/ці пераходнага перыяду. Яно было надзвычай важным у жніўні-верасні 2020 года, але цяпер ягоная актуальнасць знізілася, хто б ні заняў пасады прэм’ера ды міністраў. Так, безумоўна, гэта можа раззлаваць Лукашэнку і ў чарговы раз падштурхнуць яго на непрадуманыя крокі, якія пагаршаюць ягонае ж становішча. Але наколькі гэта будзе крытычным для рэжыму? Зноў жа пытанне рытарычнае.

І так шмат у чым. Ёсць шмат прапановаў і ідэяў, але пакуль не бачыцца, які яны могуць даць плён. А праз гэта апатыя ды безвыходнасць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця набіраюць абароты, людзі сыходзяць з актыўнасці, закрываюцца ў сваім унутраным свеце і ў сваіх унутраных справах. Аднак жа мы ўпэўненыя, што калі надыдзе час і ў паветры зноў запахне водарам магчымай перамогі, беларусы актывізуюцца зноў. Адзіная праблема, што “пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае” (Мц. 24:36). Гэта можа адбыцца і праз месяц, а можа і праз 10 гадоў.

Што ж тады рабіць у такой сітуацыі? Чувайце (Мц. 24:42, 26:41). Размаўляйце з людзьмі, пішыце, навучайце, дапамагайце – рабіце тое, што дапаможа вам і іншым людзьмі звацца. Чувайце, каб не праспаць, “бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны” (Мц 25:1-13). Чувайце, каб быць гатовымі дарабіць тое, што не атрымалася два гады таму.

А пытанне з прэм’ерствам, вядома, важнае, але ніяк не ключавое.