Get Mystery Box with random crypto!

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч сёння сустрэўся з міністрам замеж | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч сёння сустрэўся з міністрам замежных справаў рэжыму Уладзімірам Макеем. Што казалася на сустрэчы, невядома. Але “Хрысціянская візія” робіць выснову, што бакі маглі абмяркоўваць магчымасць візіту ў Менск Папы Рымскага Францішка падчас ягонай паездкі па маршруце Масква-Кіеў.

Не ведаем, ці сапраўды рыхтуецца такі візіт. Тым больш, што і паездка ў сталіцы РФ і Украіны таксама пакуль не пацверджаная. У любым разе выкажам свае засцярогі ад магчымага палітычнага прыезду пантыфіка.

Па-першае, калі візіт сапраўды будзе звязаны з паездкай у Кіеў і Маскву, то галоўная яго тэма – гэта вайна, а не сітуацыя ў Беларусі. Такім чынам, не існуе ніякіх гарантыяў, што падчас яго хоць нейкім чынам будзе ўздымацца пытанне беларускіх палітвязняў, надзею на вызваленне хаця б малой часткі якіх выказвае ХВ.

Па-другое, і Лукашэнку ёсць што прапанаваць Францішку, апроч “освобождение некоторых политзеков, продолжение “нормализации” в отношениях с местной церковью и мнимое желание Лукашенко послушать папу”. Гэта вобраз міратворца і ахвяры агрэсіі з боку як Захаду, гэтак і (пры прыватнай размове) Расеі. Упэўненыя, што ён знойдзе магчымасць паказаць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, што ляжа на спрыяльную глебу перакананасці пантыфіка ў “брэху” НАТО супраць Расеі.

Па-трэцяе, калі б Лукашэнка хацеў вызваліць палітвязняў, ён бы даўно гэта зрабіў. Але за два гады ён вызваліў толькі пару дзясяткаў з некалькіх тысяч. Не перашкода нават вельмі моцныя эканамічныя санкцыі. Значыць, і імпэту вызваляць няма. Наадварот, рэпрэсіі толькі набіраюць моц.

Па-чацвёртае, мы добра памятаем чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Тады таксама выказваліся меркаванні, што гэта паспрыяе лібералізацыі. Але замест гэтага пачалося паляванне на актывістаў, якія маглі б перашкодзіць святкаванням. Бухаць, канечне, можна было ледзь не на кожным кроку, а вось актывісты былі вымушаныя хавацца па таемных адрасах, каб не прысесці на час ЧС. А гэта 2014 год, калі рэжым даволі моцна трымаўся на нагах, а не абапіраўся выключна на сілавікоў, якія могуць і не зразумець шчодрасці з вызваленнем тых, каго яны саджалі. Так што, і цяпер нельга выключаць з’яўлення новых палітвязняў – ахвяраў гэтага візіту.

Па-пятае, мы, вядома, згодныя, што для міжнароднай легітымізацыі рэжыму візіт мала што дасць. Але ж і не трэба змяншаць вагу ад карцінкі для лакальных СМІ. А ў іх, апроч картаў з напрамкамі нападу, могуць быць і бедныя сірыйскія дзеці, якія стаяць з папам на мяжы з Еўразвязам, і зубры, якіх разам з мігрантамі не пускаюць праз сцяну ў Польшчу, і бедныя рабацягі, якія пакутуюць ад санкцыяў (і няважна, якія прычыны гэтага), і шмат чаго іншага. А ведаючы Францішка з ягоным ідэйным антызаходніцтвам, ён можа ўсё гэта так ці інакш падтрымаць. І пасля прапаганда так учэпіцца за кожнае яго слова, што пра іх вяшчаць будуць з кожнага праса, распавядаючы пра саюз пераемніка апостала Пятра і таго, хто вышэй за Бога. А вось пра рэальныя праблемы беларусаў, як то беззаконне і суцэльны таталітарызм, ніхто і не заікнецца.

Па-шостае, гэта будзе і вялікі іміджавы прарыў для ўнутранай і, магчыма, вонкавай аўдыторыі Лукашэнкі, якога цураюцца нават постсавецкія дыктатары. Апроч Пуціна ён сустрэнецца з Папам Рымскім, а гэта нашмат больш, чым проста “бокал шампанского в ноябре 2020 г.”. Мы ж усе памятаем, якая была радасць прапаганды летась ад аднаго званку Ангелы Меркель? А тут цэлы візіт і персанальная сустрэча.

Па-сёмае, візіт можна было б вітаць, калі б Францішак быў па натуры блізкім да Яна Паўла ІІ. Ён таксама прыязджаў у акупаваную камуністамі Польшчу, але ягоны візіт і заклік «Няхай сыйдзе дух Твой!” даваў палякам надзею на вызваленне. Цяпер жа пачуццё “здрады” і апатыі сярод грамадства наадварот вырасце, што ўдарыць у тым ліку і па аўтарытэце Каталіцкага Касцёлу, які ён зарабіў два гады таму.