Get Mystery Box with random crypto!

У Менску развітваюцца з першым кіраўніком незалежнай Беларусі | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

У Менску развітваюцца з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Першапачаткова планавалася, што развітанне пройдзе ў Чырвоным касцёле – месцы, дзе праводзілі ў апошні шлях народнага паэта Рыгора Барадуліна, гісторыка Адама Мальдзіса і шмат каго іншых з беларускіх дзеячоў. Таму тое, што там сама развітаюцца і з першым кіраўніком адноўленай краіны, успрымалася цалкам лагічным.

Але раптам цырымонію перанеслі ў архікатэдральны касцёл. Тым самым быў і падвышаны статус развітання. З прыкметнага, але ўсё ж шараговага касцёлу Менску – да дэ-факта галоўнай каталіцкай святыні Беларусі (дэ-юрэ тут ёсць свае нюансы).

Спачатку было незразумела, ці скарацілі час развітання адным днём, ці пакінулі, як і планавалі спачатку два. Але свежыя фоткі кажуць, што два. А гэта значыць, што падвышэнне статусу развітання амаль не паўплывала на яго працягласць.

Усё гэта адбываецца на тле таго, што смерць першага кіраўніка настойліва не заўважае трэці. З моманту смерці Станіслава Станіслававіча Лукашэнка паспеў падзякаваць магілёўскім лекарам, павіншаваць прэзідэнта Ізраілю і прадстаўнікоў сферы інфармацыі, часопіс “Беларуская думка”, даць інтэрв’ю, сустрэцца з чыноўнікамі, а выказаць спачуванні сям’і свайго папярэдніка так і не змог.

Вось Кіркорава 30 красавіка ён павіншаваў з днём народзінаў, а спачуванні з нагоды смерці кіраўніка краіны, які прывёў яе да незалежнасці, выказаць не можа. У 2020 годзе спачуванні сваякам першага прэм’ера Вячаслава Кебіча, які перамятнуўся пасля да яго, Лукашэнка выказаў у дзень ягонай смерці, а тут трэці дзень падыходзіць да канца, а ўсё ніяк. Нават фармальна. Нават праз не магу. Больш за тое, Станіславу Шушкевічу нават адмовілі ў пахаванні на Паўночных могілках, як ён хацеў.

Тым больш моцным здаецца рашэнне кіраўніцтва Касцёлу ў Беларусі перанесці развітанне з палітыкам у архікатэдру. І калі ў сучаснай акупаванай Беларусі для Станіслава Шушкевіча няма месца, то ў доме Божым, які вярнулі вернікам у тым ліку пры ягоным непасрэдным удзеле, месца яму знайшлося. Прычым самае пачэснае.