Get Mystery Box with random crypto!

Сёння Вялікая пятніца – дзень, калі на крыжы памёр і пасля быў | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

Сёння Вялікая пятніца – дзень, калі на крыжы памёр і пасля быў пахаваны Езус Хрыстус. Дзень, калі абрынуліся ўсе чаканні і надзеі апосталаў – калі цемра наступіла на ўсёй зямлі. Апосталы разбегліся і схаваліся, не ведаючы, што рабіць, і чакаючы, калі юдэйскія сілавікі прыйдуць і па іх. Усё, што яны рабілі, ува што верылі, здавалася марным.

Менавіта так сёння пачуваюць сябе шмат якія беларусы. Злачынны рэжым устаяў, рэпрэсіі не спыняюцца, за кратамі – тысячы палітвязняў. Сотні тысяч – за мяжой. Да ўсяго гэтага дадалася вайна ва Украіне і акупацыя Беларусі расейскімі войскамі. Генацыд ва Украіне, сотні забітых дзяцей, згвалтаваныя жанчыны, зруйнаваныя ўшчэнт гарады… Не выключаная пагроза глабальнай вайны, у тым ліку з ужываннем ядзернай зброі.

Англійскі багаслоў 17 стагоддзя Томас Фулер неяк напісаў: “Сама цёмна перад світанкам дня”. Аднак галоўная праблема, што мы не ведаем, калі ж тое – “сама цёмна”. І тое, што нам сёння можа здавацца самым цёмным, заўтра выявіцца толькі прыцемкамі. Але ж гэта не адмяняе таго факту, што світанак усё адно надыдзе.

Як надышоў ён для апосталаў дзве тысячы гадоў таму. Як, перамогшы смерцю смерць, да іх за замкнёныя дзверы прыйшоў уваскрослы Хрыстус. Даў ім новую надзею і паслаў на новыя здзяйсненні. Здзяйсненні, у выніку якіх атрымалася перамагчы самую моцную імперыю тых часоў – Рым. А сёння ў свеце налічваецца каля 2 млрд хрысціянаў.