Get Mystery Box with random crypto!

Вясна ідзе! Вясне дарогу! Цяпер ты можаш дапамагчы птушкам | Птицы "Аляпка"

Вясна ідзе! Вясне дарогу!
Цяпер ты можаш дапамагчы птушкам уладкаваць свае гнёзды і знайсці камфартабельныя "кватэры". Зрабі дамок для птушак сваімі рукамі, гэта не складана.

Але каб дамок не ператварыўся ў труну, чытай і захоўвай сабе гэтую памятку.

Вельмі важна, каб пярэдняя сценка дамка знутры была шурпатая, а не гладкая. Інакш подлеткі не змогуць ускараскацца па ёй да адтуліны-лятка. Яны апынуцца ў пастцы, дзе могуць і загінуць. З гэтай жа прычыны дамкі трэба вешаць не вертыкальна, а крыху пад нахілам ад ствала дрэва: так птушанятам будзе лягчэй узбірацца.

Часам да дамкоў мацуюць жэрдачкі каля лятка, каб птушкі маглі на іх сядзець. Самім жыхарам дамка яна без патрэбы, а вось драпежнікам будзе лягчэй дастаць іх.

Дамкі можна вешаць на лецішчах, у садах, парках ці недалёка ад іх. Для белай сініцы – на Палессі ў поймах рэк. Пазбягай паўднёвага боку дрэваў – птушаняты могуць гінуць ад спякоты. Таксама лепш абраць месца на дрэве ў ценю. Вешай дамкі на вышыні 2-4 метры, для белай сініцы 1-2 метры. Абірай таўсцейшае дрэва і без сукоў унізе.

Замацоўваць дамкі для птушак трэба так, каб не нашкодзіць дрэву, лепш за ўсё проста прывязаць дротам альбо вяроўкай, для гэтага ў верхняй частцы дамка робяць спецыяльныя петлі. Можаш прымацаваць дамок да дрэва адным-двума шрубамі.

Калі ты ўсё ж не хочаш рабіць дамок самастойна, можаш набыць ужо гатовы, але правярай, каб ён быў зроблены правільна. Якасныя дамкі робіць @shliftik.by www.instagram.com/shliftik.by. Сябрам АПБ будзе зніжка 10%.

У сезон гнездавання, які можа пачацца ўжо ў сакавіку, у цябе будзе шанец паназіраць, як птушкі займаюць твой дамок і выводзяць птушанят. Як бы ні хацелася зазірнуць у яго, устрымайся ад гэтага! Проста назірай на адлегласці.