Get Mystery Box with random crypto!

​​ Сёння, 9 лютага 2022 года, мы атрымалі ліст ад Вярхоўнага | Птицы "Аляпка"

​​ Сёння, 9 лютага 2022 года, мы атрымалі ліст ад Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб тым, што Міністэрства юстыцыі падало іск аб ліквідацыі АПБ.

Пакуль грамадзянская справа рыхтуецца да судовага разбіральніцтва. Справа ж прыродаахоўная – працягваецца.

АПБ працуе дзеля дзікай прыроды і людзей ужо амаль чвэрць стагоддзя. За гэты час дзякуючы сябрам, партнёрам – дзяржаўным і недзяржаўным, беларускім і замежным, спонсарам, валанцёрам і прыхільнікам мы змаглі шмат.

Правялі паўторнае забалочванне больш за 17200 га асушаных тарфянікаў;
Правялі працу па наданні 53-м тэрыторыям статуса тэрыторый, важных для птушак (ТВП), 70% іх плошчы зараз знаходзіцца пад аховай дзяржавы;
Паспрыялі павелічэнню плошчы рэспубліканскага заказніка “Альманскія балоты” на 10000 га;
Падрыхтавалі сотні ахоўных пашпартоў і абавязацельстваў для рэдкіх відаў і тых, якія знікаюць;
Правялі шмат даследаванняў, прыродаахоўных мерапрыемстваў для такіх глабальга пагражальных відаў, як вялікі арлец, вяртлявая чаротаўка, дубальт, еўрапейскі вугор ды іншыя;
Пяць гадоў разам з арнітолагамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вышэйшых навучальных устаноў праводзілі ўлікі птушак па ўсёй Беларусі, дадзеныя якога ўключаны ў Другі Атлас гнездавальных птушак Еўропы;
Усталявалі трывалае партнёрства з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам лясной гаспадаркі, Нацыянальным банкам, Белпоштай, інстытутамі і цэнтрамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.
Стварылі рэзерват “Тураўскі луг”, які стаў заказнікам, і сталі першай у Беларусі недзяржаўнай арганізацыяй, якая кіруе заказнікам;
Штогод праз прыродаахоўныя акцыі, кампаніі, курсы птушкавання прыцягвалі дзясяткі тысяч людзей да вывучэння і аховы дзікай прыроды, неслі прыродаахоўную асвету праз сайт, сацсеткі і СМІ.

За гэты час нашымі сябрамі сталі больш за 7000 чалавек, нам дапамагалі ахоўваць прыроду штогод больш за 25000 валанцёраў і прыхільнікаў, па ўсёй Беларусі працавала больш за 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў АПБ.

З 2005 АПБ – нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", з 1999 года – сябра Кааліцыі Чыстая Балтыка, а ў 2021 была прынятая ў глабальную некамерцыйную арганізацыю Wetlands International, якая займаецца захаваннем водна-балотных угоддзяў.

Гэтыя вынікі – не падведзеная фінальная рыса: дасягненні істотныя, але для аховы дзікай прыроды і надалей павінна весціся пастаянная маштабная праца.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
У наступным годзе АПБ планавала святкаваць 25-годдзе з дня заснавання. Цікава, што ў нас ёсць сябры, якія ўсе гэтыя гады заставаліся з АПБ. У канцы года мы планавалі рабіць новы чатырохгадовы стратэгічны план дзейнасці. Мы не згодныя з абвінавачваннямі Мінюста ў адрас арганізацыі. Магчыма, гэта марная справа, але мы паспрабуем з адвакатам выступіць у судзе. Ліквідацыя – гэта смерць для арганізацыі, але не для яе сябраў і прыхільнікаў. “Паміраць збірайся, а жыта сей”. Я прысвяціў сваё жыццё ахове дзікай прыроды і буду яе ахоўваць у Беларусі ці за мяжой. Добра, калі атрымаецца працягваць рабіць гэтую справу ў Беларусі разам з вамі, нашымі паплечнікамі.

Мы будзем трымаць вас у курсе падзей. Наш сайт і сацсеткі працягваюць працаваць.
Разам для дзікай прыроды!

Сябры, мы разумеем, што ў многіх гэты пост выкліча бурныя эмоцыі, таму просьба: стрымлівайце сябе ў каментарах, не пішыце абраз. А вось словы падтрымкі будуць вельмі дарэчы!