Get Mystery Box with random crypto!

​​ Птушка 2022 года – белая сініца (белая лазоревка) – невя | Птицы "Аляпка"

​​ Птушка 2022 года – белая сініца (белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка. І яна шмат чым можа здзівіць!

Чытай 10 фактаў пра яе! Колькі з гэтых пунктаў ты не ведаў_ла?

1. Белая сініца мае яшчэ адну назву – князёк, сапраўдны князёк сярод сініц!

2. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.

3. Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.

4. Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.

5. Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.

6. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал – корміць самачку.

7. У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.

8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі – штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!

9. Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.

10. Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.

Фота Андрэя Шэўчыка.