Get Mystery Box with random crypto!

​​ Чаму сініцы стукаюць у акно? Вялікая і сіняя сініцы – на | Птицы "Аляпка"

​​ Чаму сініцы стукаюць у акно?

Вялікая і сіняя сініцы – надзвычай разумныя птушкі. Іх здольнасці да вырашэння праблем і навучання сталі легендарнымі. Дастаткова прыгадаць, як на Брытанскіх астравах яны адкрываюць алюмініевыя накрыўкі малочных бутэлек, каб выпіць пажыўныя вяршкі, што ўтварыліся зверху. Вялікія сініцы таксама з'яўляюцца першымі птушкамі, якіх даследчыкі навучылі новаму навыку – двума спосабамі адкрываць спецыяльна пабудаваныя кармушкі (Оксфардскі ўніверсітэт).

З іншага боку, у чалавечай культуры распаўсюджана меркаванне, што калі сініцы стукаюць у вокны, – гэта нейкі магічны знак. Адныя кажуць, што гэта знак няшчасця і што хто-небудзь з сям'і хутка памрэ. Другія – што гэта прадвесце шчасця і дабрабыту ў сям'і.

Але аказваецца, што такія паводзіны не рэдкасць, і ў інтэрнэце можна знайсці шмат анекдатычных гісторый на гэтую тэму. У чым жа тут можа быць справа?

Па-першае, птушкі могуць змагацца з “парушальнікам”, адлюстраванне якога бачаць у шыбе. Аднак зімой, перад сезонам размнажэння (лістапад-студзень), калі барацьба за тэрыторыю яшчэ не набрала абароты, такой з'явы не павінна быць. Але калі казаць пра вялікую ці сінюю сініцу, то ў іх бываюць такія розныя тэмпераменты, што і гэтага нельга выключыць.

Другім магчымым тлумачэннем можа быць тое, што сініцы такім чынам “гавораць” людзям, што ў кармушцы няма ежы. Не наўпрост, вядома, а пры дапамозе асацыяцый. Разумным птушкам не так складана зразумець, дзе жыве чалавек, які рэгулярна папаўняе іх запасы. Таму, калі корм заканчваецца, справа зусім простая: трэба ляцець туды, адкуль з’яўляецца ежа.

Калі сініцы з'яўляюцца на падаконні, то чалавек можа падумаць, што гэта мае канкрэтнае значэнне – трэба пакарміць птушак. Нават магло здарыцца так, што сініца насамрэч пастукала ў акно, а чалавек успрыняў гэта як просьбу і выйшаў насыпаць семак у кармушку. Сініцы маглі звязаць такія паводзіны са з’яўленнем ежы і пачалі паўтараць гэтыя паводзіны. А чалавек стаў сабакам Паўлава "ў руках" сініц. Толькі замест таго, каб пускаць сліну, убачыўшы сініцу, ён выходзіць з дому са жменяй семак.

Пасля гэты навык мог хутка распаўсюдзіцца на мясцовую папуляцыю як імітацыя або сацыяльнае навучанне. Так адбылося на Брытанскіх астравах у выпадку ўзгаданых вышэй алюмініевых накрывак на малочных бутэльках. Сеткі знаёмстваў у сініц велізарныя, і абмен інфармацыяй паміж імі адбываецца надзіва хутка і дакладна. Чарговым птушкам не даводзілася б стукаць у шкло і самастойна аналізаваць факты. Яны пачалі гэта рабіць, таму што іншыя перадалі ім, што гэта працуе. Можна нават не разумець паслядоўнасці падзей. Важны канчатковы эфект. Стукаеш у шыбу – у кармушцы з’яўляецца корм. Вось так паўстае культура!

І ўрэшце, мабыць, найменш верагодная тэорыя, але і яе нельга назваць немагчымай. Сініцы выкарыстоўваць пастукванне па шкле для наўмыснага прыцягнення ўвагі. Тэорыя розуму ім не чужая, дык чаму б і не? Коткі могуць падысці да гаспадара, мяўкаць, церціся аб яго ногі і накіроўваць яго да месца, дзе стаяць іх міскі, час ад часу спыняючыся і паварочваючыся, каб убачыць, ці гаспадар разумее іх жаданне і ці ідзе за імі, каб накарміць. Сабакі з той жа мэтай спачатку глядзяць нам у вочы, а потым на тое, што хочуць атрымаць. Чаму б гэтак сама не магла рабіць сініца? Нельга сцвярджаць, што гэта немагчыма.

Тэкст: Adam Zbyryt.
Пераклад: Алеся Птушка.
Фота: Іна Шкурко. #птушыныяцікавосткі