Get Mystery Box with random crypto!

​​Сябры, хутка новы год! Час азірнуцца на 2021 і падзякаваць | Птицы "Аляпка"

​​Сябры, хутка новы год! Час азірнуцца на 2021 і падзякаваць адно аднаму за плённую працу!

Вось толькі некалькі важных дасягненняў АПБ у год леляка:

Павелічэнне плошчы рэспубліканскага заказніка "Альманскія балоты" амаль на 10 тысяч гектараў – гэта прыкладна 10% ад той плошчы, якая была. Гэта самае вялікае ўзбуйненне асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі ў краіне за апошнія 10 гадоў! Падрыхтоўка такога значнага рашэння вялася ў рамках праекта "Палессе – дзікая прырода без межаў".

АПБ першай з Усходняй Еўропы стала членам Wetlands International – глабальнай некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца захаваннем і аднаўленнем водна-балотных угоддзяў.

У рамках "Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы" сёлета на самай буйной сетцы меліяратыўных каналаў "Жаркаўшчына" плошчай 1238 га пабудавалі каскад са 105 плацін, каб падняць узровень грунтавых вод. У выніку дрэвы будуць менш сохнуць, знізяцца выкіды парніковых газаў, вернуцца рэдкія віды раслін і жывёл.

Зладзілі першую Ноч аленяў, міжнародную Ноч ваўкоў і Тыдзень кажаноў.

Правялі Школы бёрдвочара ў Мёрах, Віцебску і Гродне.

Стварылі муралы ў Брэсце, Дзісне, мястэчку Язна і ў вёсцы Павяцце.

У рамках праекта "Практычны погляд на аднаўленне тарфянікаў на нацыянальным узроўні: Беларусь", каб спрасціць працу па аднаўленні балот у Беларусі, АПБ стварыла адзіную лічбавую карту і базу дадзеных па ўсіх парушаных тарфяніках краіны.

Сёлета валанцёры АПБ прыбіралі смецце, разбіралі незаконныя лясныя стаянкі збіральнікаў ягад, расчышчалі Тураўскае балонне ад хмызоў, рамантавалі экасцяжыну і чынілі плаціны на знакамітым балоце Ельня ў Мёрскім раёне. Упершыню арганізавана цэлая серыя валанцёрскіх летнікаў па кальцаванні птушак.

Для захавальнікаў дзікай прыроды АПБ распрацавала анлайн-курсы па прыродаахоўным заканадаўстве і фотатурызме і зладзіла першы анлайн-курс па назіранні за птушкамі.

АПБ правяла 18 семінараў па ахове прыроды і развіцці экатурызму для спецыялістаў лясной гаспадаркі.

З дзецьмі і валанцёрамі абклеілі белымі налепкамі-“кропкамі” 100-метровы празрысты акустычны экран, каб птушкі бачылі яго і не разбіваліся. Такая методыка прыменена ўпершыню ў Беларусі.

Калі ты хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды Беларусі ў год белай сініцы, далучайся да АПБ ptushki.org/anketa.