Get Mystery Box with random crypto!

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ і СУВЭРЭНІТЭТ: з нагоды сьвята 27 ліпеня Здавал | Толькі пра мову

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ і СУВЭРЭНІТЭТ: з нагоды сьвята 27 ліпеня

Здавалася б, два словы — сынонімы. Але ў савецкі час пра „сувэрэнітэт“ БССР дазвалялася гаварыць, а пра незалежнасьць Беларусі — ні ў якім разе. Дый не было яе.

Значна раней, у часы Расейскай імпэрыі і яе развалу, да самай ночы 25 Сакавіка 1918 году таксама дзейнічала своеасаблівае публічнае табу на словы Незалежная Беларусь.

А ў 1980-я гады гэтыя словы абуралі мясцовых маскоўскіх сатрапаў і былі жаданаю мараю маладых адраджэнцаў.

Выбар паміж тэрмінамі „сувэрэнітэт“ ці „незалежнасьць“ ня проста моўны. Ён пазначыў два этапы аднаўленьня беларускай незалежнай дзяржаўнасьці.

27 ліпеня 1990 году прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Стратэгічны крок да незалежнасьці. Але ў дакумэнце яшчэ згадваўся „саюзны дагавор“ і ён ня меў канстытуцыйнае моцы.

А дзяржаўную незалежнасьць Беларусі аднаўлялі ўжо падчас рэвалюцыйных падзеяў жніўня 1991 году.

Мо больш дакладна было б называць:
* 27 ліпеня (1990 году) Днём сувэрэнітэту,
* 25 жніўня (1991 году) Днём аднаўленьня незалежнасьці,
* 25 Сакавіка (1918 году) — галоўнае сьвята, Дзень Незалежнасьці, якім яго і лічылі нашыя папярэднікі.

Падрабязна ў артыкуле В. Вячоркі: https://d2r0s1pmhg5xrd.cloudfront.net/a/dzien-voli-ci-niezaleznasci/28391606.html