Get Mystery Box with random crypto!

Ёсьць папулярны сёньня выраз у дачыненьні да рэалій РФ - “глыб | НАВУМЧЫК

Ёсьць папулярны сёньня выраз у дачыненьні да рэалій РФ - “глыбінны народ” (sic! -- удаклядняю, паняцьце не навуковае, а публіцыстычнае). Гэта людзі, для якіх нейкае элементарнае палітычнае паняцьце, зразумелае чэскаму ці англійскаму школьніку (скажам, рэгулярная зьмяняемасьць улады) — невядомае, незразумелае, і галоўнае — не ў сферы іх мінімальнай цікавасьці. У сілу розных прычынаў — выхаваньня, умоваў жыцьця, інтэлектуальных здольнасьцяў.

Гэта называецца — адсутнасьць палітычнай культуры.

Па-нармальнаму, такія людзі не павінны былі б быць дапушчаныя да ўдзелу ў галасаваньні. Ня маюць яны права вырашаць нават свой уласны лёс, ня кажучы пра лёс сваіх дзяцей-унукаў ці лёс народа (а расейцы, да таго ж, імкнуцца вырашаць лёсы і іншых народаў).

У Беларусі гэты ўзровень вызначаецца яшчэ адной якасьцю. А менавіта — неўспрыманьнем нацыянальных каштоўнасьцяў, найперш — беларускай мовы.

Якраз такія ў 1994 і прагаласавалі за Лукашэнку. Падпісаўшы тым самым сваім дзецям-унукам прысуд на дзесяцігодзьдзі пакутлівага існаваньня.

Многія зь іх ужо ў магілах, але ці нашмат зьменшылася ўдзельная колькасьць такога “глыбіннага народу”? Мяркуючы па ўспрыманьні спрадвечнага ворага Беларусі як “брата” — не нашмат. І баюся, што на сапраўды дэмакратычных і свабодных выбарах атрымалі б мы вельмі і вельмі непрыемны сюрпрыз.

Вось чаму (і гэтага не разумеюць заходнія палітыкі) выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці ў Беларусі падаецца куды больш важным, чым дапільноўваньне дэмакратычных выбарчых поацэдураў. Асабліва пасьля дзесяцігодзьдзяў татальнай (і ў школе, і праз СМІ, паўсюль) расейска-імперскай прамыўкі мазгоў.