Get Mystery Box with random crypto!

ЧАЁК ДЛЯ ЛУКАШЭНКІ, альбо ' ЎДЗЯЧНАСЬЦЬ«. Вядома, што кар’ерны | НАВУМЧЫК

ЧАЁК ДЛЯ ЛУКАШЭНКІ, альбо " ЎДЗЯЧНАСЬЦЬ«. Вядома, што кар’ерным штуршком для Лукашэнкі быў ягоны выступ на нарадзе па фэрмэрству перад Гарбачовым у канцы 80-х. Але на такую нараду трэба было яшчэ патрапіць.

У сваёй кнізе «Дзевяноста чацьверты» цытую падрабязны расповед непасрэднага ўдзельніка падзеяў, былога 1-га сакратара Магілёўскага абкаму Васіля Лявонава, тут жа дам сьціслы пераказ (а то папракаюць, што пішу ў сацсетках занадта даўгія тэксты — а моладзь вялікія тэксты не чытае).

У сярэдзіне 80-х на Магілёўшчыне за кожным маладым кіраўніком адстаючай гаспадаркі быў замацаваны абласны начальнік, які мусіў яму дапамагаць. Над дырэктарам саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну А. Лукашэнкам шэфства было даручана не каму-небудзь, а першаму намесьніку старшыні аблвыканкаму і адначасна начальніку абласнога аграпрамысловага ўпраўленьня Яўсею Карнееву. Магчымасьці ў яго былі ў маштабах вобласьці бязьмежныя — у выніку саўгас рэгулярна атрымліваў грошы, тэхніку, угнаеньні, будматэрыялы і г.д. (вось гэтак Лукашэнка"выводзіў" саўгас у «перадавыя»)

Мала таго: Карнееў узяў з сабой Лукашэнку на нараду ў Маскву, дзе мусіў прысутнічаць і генсек Гарбачоў (у свой час — сакратар ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы).

Трэба было паказаць Маскве, што ў Беларусі «расьцяць кадры» — і «кадра» падштурхнулі на трыбуну.

«Кадр» выступіў, Гарбачоў нават уступіў зь ім у дыялёг, пахваліў — і «пацан пошёл к успеху».

І вось дэталь: па дарозе ў Маскву (ехалі цягніком) Лукашэнка бегаў да праваднікоў па чаёк для Карнеевав, частаваў высокага начальніка гарэлачкай-сальцам.

А калі з Масквы вярталіся — ужо Лукашэнка патрабаваўад Карнеева, каб той прыносіў чаёк. Сальца, праўда, пры сабе ў першага намесьніка старшыні аблвыканкаму для Лукашэнкі не было.

Пройдзе пару гадоў, і Лукашэнка выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у ВС-12 у той самай акрузе, дзе балатаваўся... Карнееў. І, як вядома, пераможа свайго колішняга благадзецеля.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Перад выбарамі Лукашэнка паб’е мэханізатара, але 1-шы сакратар абкаму Лявонаў распарадзіцца пракуратуры спыніць крымінальную справу. А ў 1998 Лукашэнка загадае на міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, які пасьмеў усумніцца ў ягонай кампэтэнтнасьці, начапіць кайданкі — прама ў кабінэце, пад тэлекамэрамі. І адправіць яго за краты на некалькі гадоў.

Пра «удзячнасьць» Лукашэнкі ў дачыненьні да Віктара Ганчара, Дзьмітрыя Булахава, Юрыя Захаранкі, Аляксандра Фядуты, думаю, нагадваць залішне.

Але найбольш паказальна Лукашэнка «аддзячыў» народу, які аднойчы яму паверыў.