Get Mystery Box with random crypto!

НЕКАТОРЫЯ АСПЭКТЫ МІЖНАРОДНАГА ПРЫЗНАНЬНЯ ЎРАДАЎ У ВЫГНАНЬНІ | НАВУМЧЫК

НЕКАТОРЫЯ АСПЭКТЫ МІЖНАРОДНАГА ПРЫЗНАНЬНЯ ЎРАДАЎ У ВЫГНАНЬНІ

Дазволіў бы сабе выказаць некалькі меркаваньняў, якія,магчыма, каму-небудзь будуць цікавыя ў гэтыя аж занадта цёплыя жнівеньскія дні. Выказаць у чыста тэарэтычным пляне.

Уявім сабе чалавека, які, як лічыцца, быў абраны прэзыдэнтам, але быў вымушаны пакінуць сваю краіну, не пасьпеўшы з тых ці іншых прычынаў уступіць у пасаду. І, адпаведна, прызначыць урад. Такія выпадкі час ад часу здараюцца.

І ён стаіць перад выбарам: прымаць ці не прымаць прысягу, прызначаць урад ці не?

Першая праблема, якой ён будзе кіравацца — гэта міжнароднае прызнаньне.

Перад кіраўнікамі краінаў, у сваю чаргу, узьнікла б дылема: прызнаваць ягоныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ці не. Тое ж тычыцца і прызначанага ім ураду (ураду ў выгнаньні, «экзыльнага ўраду»), калі такі будзе сфармаваны.

У выпадку прызнаньня першы крок, які абавязаныя зрабіць гэтыя краіны — адклікаць амбасадараў з краіны, якую быў вымушаны пакінуць прызнаны прэзыдэнт і ўручыць даверчыя граматы гэтаму прызнанаму прэзыдэнту. Іншымі словамі, акрэдытаваць пры ім сваіх амбасадараў.

Адпаведна, толькі зь ім падпісваць двухбаковыя дамовы, успрымаць толькі ім прынятыя ўказы. Канешне, у гэтым выпадку аналагічным чынам павінны ўспрымацца і прызначаныя ім міністры, калі такія прызначэньні адбудуцца. Канкрэтна, да прыкладу, павінны быць замарожаныя адукацыйныя праграмы, пакуль ня будзе згоды міністра асьветы ў выгнаньні, ці кантракты на пастаўку медабсталяваньня павінны падпісвацца толькі з міністрам аховы здароў’я ў выгнаньні і ці прызначанымі ім пэрсонамі ў структуры экзыльнага міністэрства. І гэтак — па ўсіх галінах і па ўсёй структуры выканаўчай улады аж да мясцовай.

Асобная тэма — вайсковае ведамства. Строга кажучы, у выпадку прызнаньня экзыльнага прэзыдэнта і прызначанага ім экзыльнага міністра абароны вайсковыя фармаваньні на тэрыторыі краіны павінны разглядацца як незаконныя ўзброеныя фармаваньні. З адпаведным да іх стаўленьнем.

І гэта — толькі невялікая частка складанасьцяў, якія паўстаюць перад кіраўнікамі краінаў у выпадку прызнаньня прэзыдэнта ў выгнаньні ці ўраду ў выгнаньні.

А вось у выпадку, калі прэзыдэнт у выгнаньні прыняў прысягу, прызначыў урад, але ні ён, ні ягоны ўрад не прызнаны — праблемы пачынаюцца ўжо ў іх.

Найперш гэта — рэзкае, па-просту рэактыўнае зьніжэньне ўзроўню міжнародных сустрэчаў. Пра прэзыдэнтаў і прэм’ераў можна забыцца.

Бо прэзыдэнт краіны ня можа прымаць непрызнанага прэзыдэнта іншай, акрамя хіба толькі ў сябе дома і пажадана — патаемна ад прэсы. Тое ж тычыцца і прэм’ер-міністра.

Максымум, на што можа разьлічваць такі непрызнаны прэзыдэнт (ці прызначаны ім непрызнаны прэм’ер), і што, найхутчэй, будзе ім гарантавана — сустрэча на ўзроўні намесьніка міністра замежных спраў ці начальніка ўпраўленьня МЗС (бо МЗС не павінен упускаць магчымасьць атрымаць інфармацыю непасрэдна ад такіх пэрсонаў) і кіраўніка парлямэнцкай міжнароднай камісіі (па той жа прычыне).

Ну і гэтак далей.