Get Mystery Box with random crypto!

НЕ ЧАКАЙЦЕ АД ЛУКАШЭНКІ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ На афіцыйным партале пр | НАВУМЧЫК

НЕ ЧАКАЙЦЕ АД ЛУКАШЭНКІ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ

На афіцыйным партале прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, незаконна занятым грамадзянінам Лукашэнкам А.Р., да гэтага часу не зьявілася слоў спачуваньня з прычыны сьмерці першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Гэта лагічна: Лукашэнка ня мае ніякага дачыненьня ні да абвяшчэньня Вярхоўным Саветам беларускай незалежнасьці 25 жніўня 1991, ні да ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў аб мірным дэмантажы СССР у сьнежні 1991, ні да стварэньня падмуркаў беларускай дзяржаўнасьці (уласнай фінансавай сыстэмы, войска, мытні, памежнай службы і г.д.), якое прыпала якраз на гады старшынёўства Шушкевіча ў 1991-1993. За чатыры гады сумеснага дэпутацтва я ня памятаю ніводнага законапраекта, у распрацоўцы якога Лукашэнка прымаў хаця б мінімальны ўдзел.

Нарэшце, Станіслаў Станіслававіч быў нацыянальна сьвядомым, беларускацэнтрычным чалавекам, які шанаваў беларускую мову, паважаў беларускіх пісьменьнікаў, беларускіх мастакоў, беларускі тэатар, беларускіх кінатворцаў, беларускіх фотамастакоў, беларускіх кампазытараў, беларускіх сьпявакоў, беларускіх майстраў танцавальнага мастацтва. Ён разумеў, што без нацыянальных культурных каштоўнасьцяў нацыя загіне.

Лукашэнка ж з поўным правам можа паўтарыць словы Гебельса «Калі я чую слова „культура“ — рука цягнецца да пісталета», удакладніўшы, што мае на ўвазе беларускую нацыянальную культуру. Апошні пэрсаналізаваны зварот на «прэзыдэнцкім» партале — віншаваньне з днём народзінаў расейскага сьпявака Філіпа Кіркорава. Папсу «русского мира» адорвае ён ордэнамі і прэміямі, для беларускіх жа творцаў — звальненьні, штрафы, турма, эміграцыя, існаваньне на мяжы жабрацтва.

У свой час Шушкевіч паспрыяў таму, каб Лукашэнка быў прызначаны старшынём так званай «антыкарупцыйнай камісіі», што дазволіла дырэктару адстаючага саўгасу пачаць старт да вяршыні ўлады. Хаця б нейкая ўдзячнасьць чалавечая мусіла б быць.

Але пра што гэта я? Несумяшчальныя рэчы — чалавечнасьць і Лукашэнка.