Get Mystery Box with random crypto!

У адным ТГ-канале прачытаў фразу, што (прыводжу па памяці), Зя | НАВУМЧЫК

У адным ТГ-канале прачытаў фразу, што (прыводжу па памяці), Зяленскі цудоўна разумее, што было б зь Беларусьсю, калі б Лукашэнка не дазволіў Пуціну разьмясьціць войскі для атакі на Ўкраіну.

Гэта мусіла навесьці чытача на думку, што бедны-няшчасны Лукашэнка вымушаны ахвяраваць шмат чым, каб уратаваць самае каштоўнае: Незалежнасьць.

Думаць гэтак было б даравальна іншапланяцяніну, які б спусьціўся на планету Зямля дзе-небудзь пад Менскам і ня ведаў бэкграўнд Лукашэнкі.

Няма і не было ў Беларусі большага праціўніка Незалежнасьці, чым Лукашэнка – ад самага дня яе абвяшчэньня, ад 25 жніўня 1991, калі дэпутат Лукашэнка ня тое што галасаваць – рэгістравацца на паседжаньні Вярхоўнага Савета адмовіўся, каб не ўдзельнічаць у «злачынстве».

І ўсе наступныя тры дзясяткі гадоў (і дэпутацтва, і прэзыдэнцтва) – ён здаваў Маскве гэтую Незалежнасьць па кавалках. (У дужках удакладню: як дэпутат – унёс у парадак дня сэсіі ВС пытаньне аб далучэньні да АДКБ, галасаваў за увядзеньне расейскага рубля, выступаў супраць дзяржаўнасьці беларускай мовы і г.д. ). Здаваў спачатку за права абрацца прэзыдэнтам, затым- у абмен на грошы, потым (і цяпер) – за права заставацца ва ўладзе.

Пра гэта трэба нагадваць кожны дзень, бо, як ня дзіўна, ёсьць яшчэ тыя, хто і пасьля ваеннай акупацыі Беларусі Расеяй лічаць Лукашэнку «гарантам Незалежнасьці».