Get Mystery Box with random crypto!

Цяпер тая ўнікальная сытуацыя, калі Беларусь існуе як незалежн | НАВУМЧЫК

Цяпер тая ўнікальная сытуацыя, калі Беларусь існуе як незалежная краіна (яна нанесеная на карты сьвету асобным ад РФ колерам), але як незалежная дзяржава – яе хутчэй няма, чым ёсьць. Бо ўвесь дзяржаўны апарат і ягоны стрыжань – сілавыя структуры (асабліва армія) падпарадкаваныя Маскве. Лукашэнка выступае ў ролі генэрал-губэрнатара Мураў'ёва, і завяршае тое, што ён пачаў «рэфэрэндумам» 1995 – ліквідацыю беларускай ідэнтычнасьці.

У такой сытуацыі, лагічным было б прызнаньне міжнароднай супольнасьцю акупацыі Беларусі, г.зн.- Беларусь павінна быць прызнаная часова акупаванай тэрыторыяй з акупацыйнай (не беларускай) адміністрацыяй.

У такім выпадку абсалютна ясна, што, у палітычным і прававым аспэктах, беларускі народ не павінен будзе несьці ніякай (у тым ліку і іматэрыяльнай) адказнасьці за разбуральныя дзеяньні Лукашэнкі і Пуціна пры выкарыстаньні беларускай тэрыторыі (альбо «беларускага» войска) у вайне супраць Украіны.

Тут шмат няяснага і нявызначанага. Скажам, ці трэба (як гэта прапануе Латушка) выключэньне Рэспублікі Беларусь са складу ААН, іншых міжнародных арганізацый? Па логіцы – так. Але на практыцы гэта можа пагражаць адсутнасьцю ў Беларусі міжнароднай павасуб'ектанасьці на час куды большы, чым існаваньне пуцінскага рэжыму; да таго ж узьнікае абсурдная сытуацыя, калі пры гэтым РФ застаецца членам ААН і, мала таго, уваходзіць у склад Рады Бясьпекі ААН (у якім яна быць, зразумела, не павінна).

Гэтыя (і многія іншыя) пытаньні вымагаюць, як мінімум, абмеркаваньня ў палітычна актыўнай частцы беларускага грамадзтва. Мяркуецца, што такое абмеркаваньне магло б быць плённым і канструктыўным з удзелам як мага больш шырокага кола зацікаўленых асобаў і арганізацый, пры пэўных абавязковых умовах.

Прычым, умовы падтрымкі Незалежнасьці недастаткова, бо і Лукашэнка, і КГБ з ГУБАЗІКам фармавальна дэкляруюць падтрымку незалежнасьці, адначасна робячы ўсё для яе зьнішчэньня.

Спалучэньне крытэрыяў падаецца такім: а) быць супраць т.зв. «саюзнай дзяржавы»; b) не падтрымліваць удзел Беларусі ў АДКБ; c) прызнаваць Расею краінай-агрэсарам; d) не прызнаваць легітымнымі вынікі «рэфэрэндумаў» 1995, 1996, 2004 і 2022 гг.