Get Mystery Box with random crypto!

​Павел Баркоўскі, філосаф, арганізатар фестывалю інтэлектуальн | Думаць Беларусь

Павел Баркоўскі, філосаф, арганізатар фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA — на прысуд Уладзіміру Мацкевічу:

Філосаф у турме

Ужо амаль год пад гэтым тэгам друкуюцца навіны пра Уладзіміра Мацкевіча, метадолага, грамадскага дзеяча, аднаго з найбольш яскравых мысляроў-палемістаў найноўшай Беларусі.

Літаральна ўчора быў агучаны прысуд філосафу — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта, канешне, не кубак з цыкутай, які добразычлівыя афіняне прапанавалі свайму мысляру больш як дзве з паловай тысяч год таму. Але гэта прысуд той дзяржаве, якая абвінавачвае ў экстрэмізме людзей, што выкрываюць экстрэмізм яе ўласны.

Можна не пагаджацца з Уладзімірам Мацкевічам у дэталях ці не падзяляць яго прагнозы і стратэгіі, але відавочна, што пяць гадоў зняволення за свае перакананні — гэта не тая ўзнагарода, якой варты гэты чалавек.

У беларускім кантэксце Уладзімір Мацкевіч браў на сябе дзве антычныя ролі: ён быў і беларускім Сакратам, яркім мысляром-палемістам і крытыкам, які шукае праўду і зневажае публічныя аўтарытэты, выхоўваючы ў падобным духу сваіх вучняў, і не менш слынным мысляром Піфагорам, які развіваў сваю малазразумелую большасці метадалагічную "матэматыку", а таксама ставіў перад сабой і вучнямі амбітныя мэты грамадска-палітычных пераўтварэнняў.

Сёння філосаф ў вязніцы вынесены за межы грамадскага жыцця, ён больш не зможа востра рэагаваць на актуальныя тэмы і клопаты беларускага грамадства і палітыкі, і гэта відавочная страта менавіта для гэтага грамадства, якому карысныя мысляры-авадні, што ставяць нязручныя пытанні.

Канешне ў турме і на катарзе Ленін напісаў вялікі стос прац, у тым ліку філасафічных, Антоніа Грамшы падрыхтаваў свае "Турэмныя сшыткі", а Вацлаў Гавел адточваў фармулёўкі для сваёй "Палітыкі і сумлення". Для мысляра ізаляцыя ці зняволенне — гэта спосаб заняцца саамарэфлексіяй і асэнсаваннем назапашанага досведу. І з гэтага можа быць будучы плён.

Але ў гэтым выпадку вынік несупастаўны з цаной. Філосафам не месца ў вязніцах, гэтаксама як грамадству не месца ў канцлагеры.

Беспакаранасць і нахабнасць цяперашняй улады перавышае межы. Яна ўжо беспакарана страляе ў нашых дзяцей і кідае за краты кожнага, да каго здолее дацягнуць свае прагныя пальцы. Гэта апошняя вакханалія асуджаных на смерць, альбо сапраўднае баляванне ў часе чумы, апошнія 100 дзён Садома ўладаў, якія ўжо прадчуваюць хуткі і ганебны фінал.

Фашызм — гэта не ратаванне беларускай сістэмы, гэта яе бясслаўны гістарычны скон і параза. Колькі б не змагаліся гістарычныя фашызмы з думкамі і мыслярамі, па гамбургскім рахунку выйграюць апошнія. А зняслаўленыя гітлеры, мусаліні, пуціны і лукашэнкі патрапляюць на сметнік гісторыі. Разам са сваімі памагатымі.

Веру, што мысленне не пасадзіш за краты, і што зусім хутка, у новай вольнай Беларусі такія людзі, як Уладзімір Мацкевіч, зоймуць сваё пачэснае месца і атрымаюць народную пашану.

Сваім суддзям Сакрат прапанаваў прысудзіць яму слаўны пачастунак у Прытанэі, месцы шанавання герояў і ўдзельнікаў Алімпіяд, як належную меру пакарання за ягоны ўнёсак на карысць поліса. Мяркую, што і ў гэтым выпадку Мацкевіч мог бы паўтарыць словы таго Сакрата...

#философ_в_тюрьме