Get Mystery Box with random crypto!

Разбіраю свае архіўныя нататкі і дзялюся водгукам на “Калеку з | Martsinovich Theatre

Разбіраю свае архіўныя нататкі і дзялюся водгукам на “Калеку з вострава Інішман”. У красавіку 2021 года яго паставіў Аляксандр Гарцуеў. Як пазней высветлілася, гэта стала для яго перадапошняй працай перад вымушаным сыходам з калектыву. Бачыў ці не ўсе спектаклі гэтага рэжысёра ў РТБД. Для мяне “Калека” – адна з лепшых (калі не лепшая) яго пастаноўка за гэты перыяд, добры рэпертуарны спектакль, які варта ўбачыць.

Адным з сакрэтаў поспеху стала драматургія МакДонаха: моцная, добра збітая п’еса замінае яе радыкальнай інтэрпрэтацыі і пераносу дзеяння ў іншыя часы (напрыклад, у любімыя для Гарцуева 1980-я). Вобразы герояў прапісаныя надзвычай сакавіта. А ў “Калеку” якраз сабраўся класны акцёрскі ансамбль.

Яго галоўнай зоркай стаў Валянцін Салаўёў. У асобных спектаклях РТБД мяне не пакідала ўражанне, што патэнцыял гэтага шыкоўнага акцёра не выкарыстоўваецца напоўніцу, што рэжысёры часам не “убудоўваюць” яго ў агульную прастору спектакля, таму Салаўёў існуе нібыта адасоблена (чаму – для мяне дагэтуль таямніца). У “Калеку” акцёр літаральна купаецца ў ролі Пустабрэха – балбатуна, пляткарніка, як сказалі б у нашай сям’і – “трындзячай скрыні” :) У адным з эпізодаў я ледзь не ўзненавідзеў гэтага чалавека. Асабіста для мяне – сведчанне, як жа шыкоўна ўвасобіў яго ролю Салаўёў.

Як заўсёды з прыемнасцю назіраў за дуэтам Арцёма Курэня і Ганны Семенякі, паміж героямі якіх адчувалася сапраўдная хімія. Наогул Курэню прыйшлося няпроста: яго Білі вырашаны як сапраўдны калека, што праяўляецца і ў фізічным плане, і ў яго гаворцы. Але ў Курэня атрымліваецца знайсці патрэбны баланс: выклікаць у гледача шкадаванне і пры гэтым не замінаць яго ўспрыманню спектакля. Адзначу адзін з фінальных маналогаў Білі, дзе той прызнаецца ў каханні да Хелен – ён вырашаны Курэнем вельмі пераканаўча.

Адзіная лыжка дзёгця: усё ж такі Курэнь і Семяняка ў чарговы раз увасобілі адныя і тыя ж тыпажы – інтэлігентнага хлопчыка і разбітной “дзявахі”. Можна згадаць і іх дуэты ў спектаклях “Сярожа”, і “З вучылішча”… У кантэксце гэтага спектакля акцёра надзвычай пераканаўчыя. Але ў будучым марыў бы ўбачыць іх у ралях на пераадоленне матэрыялу.

Каго яшчэ можна ўбачыць у “Калеку”? Каларытнага Дзмітрыя Давідовіча, якія цягам усяго спектакля цудоўна вытрымлівае абраную лінію для ўвасаблення свайго героя – ці то падлетка, ці то дзівака маладзёна. Маўклівага Максіма Брагінца – нават шкада, што МакДонах не распісаў яго вобраз больш сакавіта. Дакладных у перадачы эмоцый і крыўд сваіх гераінь Людмілу Сідаркевіч і Вераніку Буслаеву. Весялуху і аптымістку Таццяну Мархель – я б не здзівіўся, калі б яе гераіня адкінула сваю бутэльку і ўскокнула са свайго крэсла і зацягнула якую-небудзь народную песню.

Чаму б не? Музыка кампазітара Дзмітрыя Фрыгі тонка стылізаваная пад ірландскую, але наогул яскрава выражанай нацыянальнай дамінанты (гаворка пра тую краіну) ў спектаклі няма. “Калека” – пастаноўка пазачасавая і ўніверсальная. А яшчэ надзіва сугучная часу.

Дагэтуль Ірландыя – у тым ліку, дзякуючы МакДонаху – асацыявалася ў мяне са спевамі, музыкай, танцамі, грубымі героямі і іх чорным гумарам. Гарцуеў не змяніў тэкст драматурга, але надаў яму зусім іншае адценне. Нездарма драўляны насціл, пабудаваны на сцэне (мастак Юрый Саламонаў) адным краем ідзе да вады, другім – хаваецца ў небе.

“Калека” – псіхалагічна дакладны спектакль сцішаных камерных размоў "маленькіх" людзей паміж небам і зямлёй, чые лёсы вырашаюць за іх, а ім патрэбна шчасце і быць пачутымі.