Get Mystery Box with random crypto!

У Мінску падвялі вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Чаму | Martsinovich Theatre

У Мінску падвялі вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Чаму пра яе пішу? Бо вынікі ідэальна адлюстроўваюць і цяперашнюю сітуацыю ў краіне, і стаўленне да культурны, і ўзровень тэатра.

Перш за ўсё нагадаю, што Мінкульт абнуліў вынікі папярэдняга адбору, куды трапілі спектаклі Купалаўскага тэатра і АРТ-Карпарэйшн.

Што ў новую нацпрэмію не пусцілі спектаклі таго ж Яўгена Карняга, якія грымяць па ўсёй Беларусі. "Запіскі юнага доктара" не паказалі з-за хваробы акцёраў, "Шлюб з ветрам" проста знік.

Што пераможцаў выбралі ананімы: складу журы мы не ведалі да цырымоніі. Прозвішчы некаторых з іх агучылі на пляцоўцы Купалаўскага, дзе ўсё і адбывалася. Секцыю лялек чамусьці ўзначальваў Уладзімір Мішчанчук. У журы не трапіў ніхто з вядомых крытыкаў, затое туды ўключылі супрацоўніцу аддзела тэатральнага мастацтва Акадэміі навук Валерыю Салаўёву. Магчыма - пішу без іроніі - яна - цудоўны чалавек, але першы раз пра яе чуў і не магу нагугліць ніводную яе рэцэнзію. Ну і старшынёй журы ў секцыі драмы была Вераніка Ярмалінская – тут усё зразумела.

Цяпер перайду да пераможцаў гэтага года (усіх не пералічваю, гэта зрабіў у сваім тэксце "Смартпрэс").

МУЗЫЧНЫ ТЭАТР
Лепшы балет - "Ганна Карэніна", лепшае опера - "Фауст", лепшы рэжысёр у музычным тэатры - Ганна Маторная, што паставіла апошні спектакль. Асабіста мяне абодва спектаклі расчаравалі.

Лепшы мюзікл - "Джэк Патрашыцель" тэатра-эстрады. Не бачыў гэтую пастаноўку. Але дагэтуль гэты калектыў у нацпрэміі наогул не ўдзельнічаў. І я ўпершыню бачу, каб яго атаясамлівалі з тэатрам, а не з эстрадай.

Вельмі рады за Алега Хадоску, які атрымаў прэмію журы за музыку да балета «Тытанік».

ТЭАТР ЛЯЛЕК
На жаль, гэты блок пакіну без каментароў. У розных намінацыях перамаглі віцебскі спектакль «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» і гродзенскі «Локіс», а я іх не бачыў. Дзяржаўны тэатр лялек (Мінск) не атрымаў нічога, хоць ў яго былі цудоўныя спектаклі (ад «Нікалашы» да дзіцячых пастановак).

ТЭАТР ДРАМЫ
Пераможцаў у двух намінацыях я назаву, але каментаваць не буду, бо не бачыў іх.

«Найлепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны» – «Вій» Палескага драматычнага тэатра. Бачыў асобныя пастаноўкі гэтага тэатра, і там назіраўся кантраст: ад цікавых' прац да вельмі слабых пастановак. Што атрымалася гэтым разам – не ведаю. Пры магчымасці пагляджу.

«Найлепшая работа рэжысёра ў спектаклі тэатра драмы» – Раман Цыркін, спектакль «Людзі на балоце» Мазырскага драмтэатра. Гэта адзіны беларускі калектыў, чыёй прадукцыі я, на жаль, ніколі не бачыў. Яны не траплялі ні на ТЕАРТ, ні на Март-кантакт ці Белую Вежу (калі я там быў). Таму ўстрымаюся ад каментароў.

Але «Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны» – «Фальшывая нота»? (Тэатр-студыі кінаакцёра, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў). У свой час у паглядзеў большую частку рэпертуара гэтага калектыву, у тым ліку, пастаноўкі іх мастацкага кіраўніка. Даруйце, ніводнага прарыву на гэтай сцэне я не ўбачыў. Ніводнага.

Вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі і раней былі далёкія ад ідэалу. Штогод яны то наогул ігнаравалі пэўныя цікавыя спектаклі, то пакідалі па-за ўзнагародамі тыя або іншыя пастаноўкі. Бо гэтыя прэмія ладзілі чыноўнікі, а не тэатральная грамадскасць. Але ўсё ж такі яны давалі больш-менш поўную карціну таго, што адбываецца ў беларускім тэатральным свеце. Бо іншай усебеларускай прэміі, на жаль, не было (спадзяюся, мы адрадзім прэмію мінскіх крытыкаў).

Сёлетняя прэмія стала апафеозам дзяржаўна-чыноўніцкага падыходу да тэатра. Сярод пераможцаў няма РТБД, няма моцных абласных калектываў. Праігнараваны ўвесь альтэрнатыўны тэатр, які зрэшты амаль знішчаны.

Разумею, што ў дзяржаўных тэатраў, на жаль, не было выбару: яны мусілі падавацца на прэмію, каб не ствараць сабе праблем. Але, на жаль, прозвішчы некаторых пераможцаў кажуць самі за сябе. І ў тэатральную гісторыю шанцаў у іх трапіць няма.