Get Mystery Box with random crypto!

У Расіі Цэнтрабанк падняў ключавую стаўку адразу на 75 базісны | ЭКАНОМІКА ПА-БЕЛАРУСКУ

У Расіі Цэнтрабанк падняў ключавую стаўку адразу на 75 базісных пунктаў — да 7,5% гадавых. Эканамічным агентам ЦБ даслаў выразны сігнал: ён дапускае яшчэ некалькі павышэнняў цягам восені-зімы 2021 г.

А што ў Беларусі? Ці пойдзе Нацбанк на нейкія дзеянні ў дачыненні да СР у бліжэйшыя тыдні?

На нашую думку, яшчэ з чэрвеня 2020 г. (паніжэнне СР пасля нарады ў Лукашэнкі) эканамічная логіка трывала саступае пазіцыі.

Па-першае, вялікая маса чыноўнікаў у розных ведамствах упэўненая, што сітуацыю з інфляцыяй ратуе дзяржаўнае рэгуляванне цэн. На сёння яно пашыраецца ледзь не палову таварных пазіцый на паліцах крамаў.

Па-другое, павышэнне ставак аўтаматычна робіць больш дарагімі новыя крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам. Выйсце для іх можа быць у далейшым пашырэнні практыкі дырэктыўнага крэдытавання і ў новым росце выпуску аблігацый Банка развіцця. Нездарма ліміт выпуску аблігацый Банка развіцця нядаўна засакрэцілі — да лета 2021 г. ліміт быў публічны.

Але пашырэнне практыкі дырэктыўнага крэдытавання даволі хутка нівелюе рашэнні Нацбанка па працэнтных стаўках. Пытанне, ці будзе ўвогуле нейкі пазітыўны эфект ад такога спалучэння, а негатыўныя эфекты навідавоку.

Таксама для Нацбанка яшчэ даступная аргументацыя са спасылкай на Расію. Маўляў, яны ўжо павысілі, а ў нас з імі скаардынаваная манетарная палітыка — дык і нам трэба. Магчыма тады прапановы Нацбанка па стаўках неяк пройдуць праз сіта Саўміна і АП.

Варта паўтарыць, што ўрад мае чым адказаць, каб агарадзіць дзяржсектар. І гэты адказ праз недасканаласці працэнтнага каналу можа цалкам абнуліць дзеянні Нацбанка. Хіба што крэдыты для прыватных кампаній і няльготныя крэдыты для грамадзян стануць даражэйшымі.