Памяці Анатоля Вярцінскага (18 лістапада 1931 — 21 красавіка 2022).
Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Каб сьветла-залатую яго ніць
Віць і далей — любоўю, справай дзейнай
Ды словам, што ад справы неаддзелена.
Тварыць!
Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываньнем,
Высакародным, дружным намаганьнем,
Што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!
Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Найлепшы самы, самы натуральны
Пачатак гэты вось жыцьцестваральны.
Інакш — якая ад жыцьця карысьць?
Тварыць!
Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —
Тварыць!
#вершы