Сланечнік Сланечнік нам у твары дыхаў цветам, Мы прыкмячалі летняю парой, Што ён штодня за сонцам водзіць следам Сваёй агністай, жаркай галавой. Што першым ён прыход яго вітае, I апаўдні стаіць з ім твар у твар, I першым долу галаву схіляе, Як коціцца за лес агністы шар. Ён так стамляўся, наш сланечнік мілы, Так шчыра сустракаў ён ночы цень, Як быццам два крутыя небасхілы Ён разам з сонцам абышоў за дзень. У сінь нябёсаў просіцца нямала Сланечнікаў. I верыць я гатоў, Што гэта сонца так параскідала Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў. Аркадзь Куляшоў #раптамверш 203 views06:05