Get Mystery Box with random crypto!

Польшча падтрымлівае барацьбу за правы і свабоды беларусаў 12 | Павел Латушка

Польшча падтрымлівае барацьбу за правы і свабоды беларусаў

12 красавіка намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка быў прыняты ў Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Міністрам Марцінам Пшыдачам, які адказвае за пытанні знешняй палітыкі. Падчас сустрэчы адбылося абмеркаванне пытанняў рэгіянальнай бяспекі ў кантэксце агрэсіі, якую ажыццяўляе Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.

Асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі беспрэцэдэнтнага парушэння правоў чалавека, якая складваецца ў Беларусі, рэпрэсіям у адносінах да польскай меншасці ў нашай краіне.

Павел Латушка прадставіў прапановы ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па ўзмацненні санкцыйнага ціску ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі за парушэнні правоў чалавека і падтрымку агрэсіўнай вайны, а таксама па выкарыстанні юрыдычных інструментаў адказнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях у адносінах да рэжыму, у тым ліку праз стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала па злачынствах у Беларусі.

Павел Латушка праінфармаваў аб сабраных матэрыялах пра дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Асобнай тэмай размовы стала абмеркаванне пытанняў размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і пагроз для суверынітэту Беларусі і рэгіянальнай бяспекі, якія вынікаюць з планаў Расіі і рэжыму Лукашэнкі.

Таксама было закранута пытанне магчымага ўзаемадзеяння ў рамках Еўрапейскага саюза па акцэнтаванні большай увагі з боку Брусэля да сітуацыі ў Беларусі.

Міністр Марцін Пшыдач падкрэсліў, што дэмакратычныя сілы Беларусі, у тым ліку каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, могуць разлічваць на падтрымку з боку кіраўніцтва Польшчы ў сваёй дзейнасці па абароне правоў і свабод грамадзян Беларусі.