Get Mystery Box with random crypto!

​​Вырашылі закончыць пад Новы год серыю пастоў пра нашы самыя | Выдавецтва Янушкевіч

​​Вырашылі закончыць пад Новы год серыю пастоў пра нашы самыя адметныя, прарыўныя кнігі, па адной на кожны год нашага існавання, якія можна лічыць пэўнай вехай у нашай дзейнасці. Дастойных такой адзнакі кніг мы насамрэч выпускалі кожны год шмат, але будзем арыентавацца менавіта на адну з іх.

2019 год. Канечне, гэта «Гары Потэр і філасофскі камень»! Кніга прагрымела яшчэ ў момант анонсу, пры тым мы зрабілі яго, яшчэ не падпісаўшы кантракт (а-яй-яй!), за што атрымалі строгую вымову ад праваўладальнікаў. Затым быў ажыятажны старт продажаў у Доме кнігі «Светач» 14 снежня 2019 года. Неверагодны поспех быў замацаваны «Кніжнай ноччу Гары Потэра» ў лютым 2020 года. Аказваецца, людзі вельмі-вельмі моцна чакалі такое свята! І яно атрымалася на ўсе сто, у немалай ступені дзякуючы пасольству Вялікабрытаніі і дапамозе яго супрацоўнікаў.

Пераклад Алены Пятровіч здабыў безліч прыхільных ацэнак ад чытачоў і блогераў, а ў мінулым годзе яна нарэшце атрымала Прэмію Карласа Шэрмана, тым самым пацвердзіўшы высокую якасць сваёй працы і сярод экспертнай супольнасці. Сёння ўжо трэндам сталі парады ў Інстаграме і іншых сацыяльных сетках абавязкова знаёміцца з беларускімі перакладамі твораў Джоан Роўлінг, аддаючы ім перавагу перад рускімі тэкстамі.

Для развіцця выдавецтва першая кніга пра Гары Потэра мае сапраўды магічнае значэнне. Менавіта з яе выхаду мы значна актывізаваліся і імкліва сталі нарошчваць базу адданых чытачоў і пакупнікоў розных сваіх кніг.