Get Mystery Box with random crypto!

Мы ўжо пісалі пра сімвалы Адвэнту. Прыспеў час сказаць і пра К | Haroshak.by

Мы ўжо пісалі пра сімвалы Адвэнту. Прыспеў час сказаць і пра Каляды.

Ведаеце, што ў Віленскай губерні бытавала: калі да Каляд застаецца два тыдні, то кажуць, што Каляды яшчэ ў амбары; калі два ці тры дні, то гавораць, што яны ўжо на печцы . Маецца на ўвазе збожжа, мука, цеста і каляднікі, якімі адорваюць калядоўшчыкаў.


Куцця

Кажуць, што сваю абраднасць свята Божага нараджэння Ў Беларусі часткова пераняло ад Дзядоў. На стол ставіцца тая ж рытуальная ежа, пакідаецца месца для продкаў.

Куцця - гэта ячная каша з алеем або мёдам. Прыгатаваную куццю ставілі да заходу сонца на покуці, пад гаршчок клалі сена, зверху накрывалі боханам хлеба.
Куццёй распачынаюць ці скончваюць святочную вячэру, кожны чалец сям’і мусіць яе пакаштаваць.

Гэта страва дала назву зімовым святам. Куцці ў нас тры. Першая - Посная, Бедная, Вялікая, Марожаная - ладзіцца напярэдадні Раства, другая - Шчодрая (Шчадроўная, Мясная, Нішчымная, Скаромная, Багатая, Тоўстая) - на Новы год, а трэцяя - вадзяная - скончвала Шчодры тыдзень.

Сена

Абавязковым атрыбутам-сімвалам падрыхтоўкі перадкаляднага рытуальнага стала было сена. Гэта звязана з біблейным паданнем, паводле якога Хрыстос нарадзіўся ў яслях.

На сене гадалі. Выцягвалі сцяблінку і глядзелі ці поўны колас, ці даўгі лён. Паводле гэтага меркавалі якім будзе ўраджай у наступным годзе.

Аплатка

Гэты звычай распаўсюджаны сярод каталікоў. Напачатку вячэры, пасля таго як з’яўляецца першая зорка, гаспадар ламае з гасцямі аплатку - тонкі белы лісток прэснага цеста, выпяканы з белай мукі і вады без дадатку дрожджаў - прамаўляе зычэнні. У нас гэты звычай існуе з XV ст. Шляхта часам нават перасылала аплаткі з адной сядзібы ў іншую сваякам і сябрам.

Выпякаюць аплаткі пры касцёлах і кляштарах, напрыклад, ордэнам Назарэтанак у Навагрудку.

А як вы рыхтуецеся да святаў? Якія традыцыі падтрымліваеце ў сваёй сям’і?