Get Mystery Box with random crypto!

І яшчэ крыху пра містыфікацыі:) Наогул пісьменнікі часта міс | Страшная добрая казка

І яшчэ крыху пра містыфікацыі:)

Наогул пісьменнікі часта містыфікуюць: ствараюць прыдуманы свет не толькі пад вокладкамі кніг, але і ў рэальнасці. Адзін з самых захапляльных прыкладаў маштабнай літаратурнай містыфікацыі - гісторыя партугальскага паэта Фернанду Пэсоа, які напачатку дваццатага стагоддзя прыдумаў з дзясятак паэтаў, стварыў ім біяграфіі, даў кожнаму сваю стылістыку - і пачаў друкаваць вершы пад іх прыдуманымі імёнамі. З цягам часу гэтыя прыдуманыя паэты пачалі сварыцца адзін з адным на старонках газет, пісаць адзін на аднаго рэцэнзіі і пасквілі, потым пачалі паміраць і развітвацца адзін з адным некралогамі, адным словам, у чытача стваралася ўражанне, што партугальская літаратура надзвычай багатая на паэтаў, сваркі і плёткі. А гэта ўсё быў адзін Пэсоа:)

Нашы хлопцы таксама такое рабілі - не ведаючы пра партугальскі досвед, бо былі для Пэсоа сучаснікамі. Напрыклад, Цішка Гартны (сапраўднае ягонае імя - Зміцер Жылуновіч, цікава, што ў Менску ёсць адразу і вуліца Гартнага, і вуліца Жылуновіча, хаця гэта адзін і той жа чалавек), дык вось, Гартны перад самай рэвалюцыяй 1917 года выдаваў у Пецярбурзе беларускую газету "Дзянніца". Выдаваў фактычна адзін, але, каб стварыць уражанне буйной рэдакцыі і магутнага беларускага руху, меў з дзясятак псеўданімаў, якімі падпісваў артыкулы.

У 1925 годзе "Маладняк" адправіў у Воршу сваіх лепшых прадстаўнікоў, Кандрата Крапіву і Уладзіміра Дубоўку, наладзіць у горадзе літаратурны рух і выдаць сіламі новазнойдзеных паэтаў і празаікаў чыста аршанскі часопіс. Прыехаўшы ў Воршу і пагуляўшы па вуліцах, Дубоўка і Крапіва паэтаў не сустрэлі, і з гэтай прычыны закрыліся ў гасцінічным нумары і за тры дні стварылі нумар часопіса, у якім была безліч самых розных паэтаў, крытыкаў і празаікаў, і тым ліку нават адна дзяўчына, а насамрэч - Дубоўка і Крапіва.

Алесь Дудар падпісваў сваім амбітным псеўданімам вершы і кароткую прозу, як крытык выступаў пад іменем Тодар Глыбоцкі, як аўтар буйных празаічных форм - Арцём Яроцкі, а як літаратуразнаўца - апублікаваў даследванне па беларускіх казках пад сваім сапраўдным прозвішчам Аляксандр Дайлідовіч. У выніку ў рэдакцыйным савеце часопіса "Полымя" Дудар быў запісаны двойчы: як Алесь Дудар і як Тодар Глыбоцкі.

Традыцыя працягнулася і пасля вайны, і працягваецца і па сёння. Чаго вартая легендарная сатырычная паэма "Сказ пра Лысую гору", падпісаная Ведзьмаком Лысагорскім, у якой востра і злосна высмейваліся пісьменнікі семідзясятых. Доўга ніхто не ведаў сапраўдных аўтараў, а сёння шчэ працягваюцца спрэчкі аб тым, чый уклад у стварэнне знакамітай сатыры быў большы: Ніла Гілевіча ці Міколы Абрамчыка, у любым выпадку абодва "прыклалі руку" да паэмы.

Ці вось адносна нядаўна была выйшла мастацкая кніжка на трасянцы: "Я прыйду за табой у аўгусце". Аўтаркай значыцца нейкая Каміла Цень. Хто гэта - невядома, але кніжка нашумела ў публічнай прасторы, і відавочна, напісаў(ла) яе нехта з сучасных вядомых аўтараў.

А яшчэ гады з чатыры таму з'явіліся на фэйсбуку сёстры Колінз: адну звалі Саёрла, а другую - не памятаю ўжо. У іх былі харошыя, інфарматыўныя акаўнты, свае легенды, біяграфіі, Саёрла была моцна абазнаная ў беларускім літпрацэсе - і пісала вострыя агляды сучаснай літаратурнай сітуацыі. Хто схаваўся за гэтымі акаўнтамі, так канчаткова і не высветлена, хаця падазрэнні розныя былі)

Так што таямніцаў, і па сёння не разгаданых, у нас шмат:))