Get Mystery Box with random crypto!

Шчэ пару слоў пра бібліятэкі нашых пісьменнікаў. Насуперак зла | Страшная добрая казка

Шчэ пару слоў пра бібліятэкі нашых пісьменнікаў. Насуперак злачыннаму беллітаўскаму міфу пра белпісьменнікаў, якія адразу са свіных пастушкоў, крыху навучыўшыся чытаць, ішлі ў паэты, людзі, што стаялі напачатку новай беларускай літаратуры, былі людзьмі адукаванымі і начытанымі, дый і Менск быў горадам з кніжнымі магчымасцямі. Напрыклад, у кнігарні Фрумкіна, што месцілася на першым паверсе гатэлю "Еўропа", можна было набыць кніжкі на нямецкай, французскай, англійскай мовах, а ў букіністычнай кнігарні "Дешёвая книга" - сапраўдныя рарытэты, часцяком - з аўтографамі. Нашы пралетарскія паэты, сялянскія дзеці, выпасаліся там рэгулярна, для іх у падсобцы гаспадыня трымала самыя-самыя каштоўныя экзэмпляры.

Дом, дзе знаходзілася "Дешёвая книга", ёсць і цяпер, і памяшканне ёсць, там цяпер аптэка. Гэта самы пачатак вуліцы Валадарскага, адразу за гатэлем "Мінск", насупраць легендарнай "Чабурэчнай". Белы дом з прыгожай ляпнінай па фасадзе.

З тых бібліятэк да нашых часоў дажыла, акрамя Глебкавай, бібліятэка Алеся Дудара. Яна налічвала некалькі тысяч тамоў, сярод іх - дзясяткі кніжак па-французску і па-нямецку, з ягонымі паметамі, то бок - чытаныя ў арыгінале.

Дарэчы. Калі цяпер пры вобшуках людзі ў пагонах цікавяцца "Нашто вам столькі кніг" - тады кнігі вывозілі машынамі для сябе. Па ўспамінах маці Дудара, з сынавай бібліятэкі пасля вобшуку вывезлі шэсць машын кніг (думаю, канешне, не грузавых, але тым не менш). Кніга была ў цане.

Дарэчы, ёсць цудоўная кніга нашага маладзечанскага краязнаўцы Міхася Казлоўскага "Пра кніжнікаў і кніжкі: нататкі бібліяфіла" - пакручастыя прыгоды збіральніка кніжных рарытэтаў) Сама гэта кніга - бібліяграфічная рэдкасць, я набывала яе ў букіністычнай краме, а так трэба ісці па яе ў бібліятэку.