Get Mystery Box with random crypto!

У гэты дзень 85 год таму, 3 чэрвеня 1937 года, выйшаў загад НК | Страшная добрая казка

У гэты дзень 85 год таму, 3 чэрвеня 1937 года, выйшаў загад НКВД БССР аб знішчэнні забароненых кніг. У спісе шмат пазіцый, дзесьці - некаторыя кніжкі асобных аўтараў, дзесьці - пазнака побач з прозвішчам: "Усе кнігі". Дубоўка - усе кнігі, Дудар - усе кнігі, Бабарэка - усе кнігі і гэтак далей.

Вядома, што і з прыватных бібліятэк гэтыя кнігі знікалі, бо захоўваць іх было смяротна небяспечна.

Між тым некаторым удавалася захаваць дома ці не поўны збор забароненай літаратуры. Напрыклад, у бібліятэцы Пятра Глебкі асобнікі, унесеныя ў спіс, перажылі і трыццатыя, і акупацыю, і паваенную русіфікацыю.

І гэта надзвычай цікавая гісторыя - якім чынам захавалася бібліятэка.

Глебка быў аматар кніжак: шмат набываў, атрымліваў у падарунак і нават, было, краў) не мог утрымацца. Бібліятэка ў яго была агромністая. Паколькі Глебка быў вялікі майстра кампрамісаў і лавіравання паміж небяспекамі свайго часу - яго не арыштоўвалі і ў доме ягоным вобшукаў ніколі не было. Бібліятэка знаходзілася ў працоўным кабінеце, і побач з кнігамі расстраляных ягоных сяброў стаялі там, канешне, і Ленін, і Сталін.

Калі Менск акупавалі немцы, Глебка апынуўся за лініяй фронта, а жонка ягоная Ніна сысці не паспела - і засталася пад акупацыяй. Бібліятэку, бітма набітую савецкімі кніжкамі, закрылі ў кабінеце і павесілі на дзверы вялікі цяжкі дыван, быццам там глухая сцяна.

А потым здарылася вось што.

Ніна Глебка забрала з гета габрэйскую дзяўчынку, дачку сваёй суседкі. Ужо былі падазрэнні, што гета будуць знішчаць, і маці дзяўчынкі ратавала хаця б малую. Ніна навучыла Ларысу не гаварыць нікому сваёй нацыянальнасці, не адпускала адну на вуліцу, берагла, як родную. Але страшна было, канешне: раптам хто данясе ці патруль пабачыць выразную габрэйскую знешнасць дзяўчынкі.

А тут у Менск назначылі гаўляйтара - таго самага Кубэ. Ён ехаў да месца прызначэння, і горад мусіў сустракаць яго кветкамі. Сталі шукаць дзіця, якое падарыла б гэтыя кветкі. Якую-небудзь прыгожую маленькую беларускую дзяўчынку.

Гэта быў выдатны момант! Легалізаваць Ларысу як беларуску раз і назаўсёды. Ніна, якая працавала тады на радыё, прапанавала ўладам сваю прыёмную дачку: і дзяўчынка прыгожая, і вышыванка ёсць, і сукеначка каларытная.

Так і выйшла, што кветкі Кубэ ўручала габрэйская дзяўчынка, уратаваная з гета. Вялікае фота Кубэ, які трымае на руках Ларысу, узялі ў рамку - і павесілі на той дыван, які закрываў уваход у бібліятэку. Цяпер ніводны паліцай, ніводны даносчык не мог нашкодзіць ані сям'і, ані бібліятэцы.

Вы спытаецеся, як Ніна і Ларыса пазбеглі паваенных разборак наконт букета Кубэ?

А Ніна, працуючы на калабарацыянісцкім радыё, была сувязной у партызанскім атрадзе. Да таго ж Глебка за час вайны моцна пасябраваў з самім Панамарэнкам, то Ніну не кранулі. Што праўда, фота з гаўляйтарам ўсё ж пасля перамогі знішчылі. А кнігі ўратавалі ўсе.

На гэтым, дарэчы, гісторыя Ларысы не вычэрпваецца, у ёй яшчэ шмат горкага і прыгожага, але гэта ўжо раскажу іншым разам.