Get Mystery Box with random crypto!

Беларусаў штрафуюць і адпраўляюць на «суткі» за пікетаванне БЧ | Free Belarus Center 🇺🇦

Беларусаў штрафуюць і адпраўляюць на «суткі» за пікетаванне БЧБ-сімволікай на беларускай мяжы, паведамляе «Вясна».

За апошнія два месяцы суды Брэста, Кобрына і Верхнедзвінска асудзілі мінімум шэсць беларусаў, якія нібыта пікетавалі падчас перасячэння беларускай мяжы. Падставай для пратаколаў была БЧБ-сімволіка, якую знаходзяць супрацоўнікі беларускай мытні падчас агляду машын. Потом яны паведамляюць пра гэта ў міліцыю. Вядома, што часцей за ўсё скаргі на бел-чырвона-белую сімволіку паступаюць з пункту пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы.

У РАУСах на кіроўцаў складаюць пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне», нават калі вымпел з БЧБ-сцягам і Пагоняй размешчаны ўнутры кабіны за сядзеннем кіроўцы.

Як вынікае з рапарту памежніцы на латвійска-беларускай мяжы, «яна ў адпаведнасці са сваімі службовымі інструкцыямі стала аглядаць кабіну аўтамабіля і пры аглядзе на бакавой сцяне з боку сядзення кіроўцы заўважыла вымпел у выглядзе бела-чырвона-белага колеру і гербам Пагоня памерам 8 на 15 сантыметраў, ён не быў схаваны і быў даступны для агляду». За гэта «правапарушэнне» суд Верхнедзвінскага раёна 1 красавіка пакараў кіроўцу 10-сутачным арыштам.

Суд Кобрынскага раёна 17 сакавіка аштрафаваў кладаўшчыка на 960 рублёў (30 базавых велічыняў) таксама за вымпел бел-чырвона-белага колеру.

У Брэсце цягам месяца асудзілі чатырох кіроўцаў. На траіх склалі пратаколы за БЧБ-вымпелы, яшчэ аднаго — за стужачку на шкле аўтамабіля. Справы іх разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Ім прызначылі штрафы ў памеры ад 960 да 1 600 рублёў (ад 30 да 50 базавых велічыняў).

У студзені праваабаронцам стаў вядомы першы выпадак, калі беларуса асудзілі за «пікетаванне» на мяжы. Тады кіроўцу-міжнародніка Аляксандра Крэйдзіча брэсцкі суддзя Андрэй Грушко аштрафаваў на 1 280 рублёў (40 базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым у пікетаванні дзвюма нелепкамі з Пагоняй, якія супрацоўнікі мытні заўважылі на шкле аўтамабіля.