Get Mystery Box with random crypto!

Што не так з адмоўнай каларыйнасьцю? У сеціве можна знайсьц | cybulinka.

Што не так з адмоўнай каларыйнасьцю?

У сеціве можна знайсьці шмат лайфхакаў для хуткага пахудзеньня. Сярод іх можна пабачыць параду есьці прадукты з адмоўнай каларыйнасьцю, бо пры іх ператраўленьні арганізму спатрэбіцца больш энэргіі, чым утрымліваецца ў самім прадукце.
Аднак перад тым як разабрацца ці сапраўды існуюць такія прадукты, варта прыгадаць калорыі і для чаго яны нам патрэбны.

Калорыя – адзінка энэргіі, выражаная ў кілакалорыях (ккал) для адлюстраваньня колькасьці энэргіі ў ежы. Большасьць упаковак маюць этыкетку, дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра каларыйнасьць дадзенага прадукта: звычайна яна прыводзіцца на 100 г, аднак некаторыя вытворцы адразу пазначаюць і каларыйнасьць порцыі.

Як вядома, мы спажываем калорыі зь ежай і расходуем пры фізічных ці інтэлектуальных нагрузках, таксама частка атрыманых калорый ідзе на падтрыманьне працэсаў у нашым арганізме. Увогуле адмыслоўцы вылучаюць наступныя кампаненты нашых энэргетычных патрабаваньняў:

1) Энергія, неабходная для падтрымкі асноўных працэсаў нашага арганізма – дыханьне, біцьцё сэрца і г.д.
2) Тэрмічны эфэкт ад ужываньня ежы – павелічэньне хуткасьці абмена рэчываў, пакуль ежа ператраўліваецца.
3) Дадатковая энэргія, неабходная для актыўнасьці.


Тэорыя адмоўнай каларыйнасьці заключаецца ў тым, што некаторыя прадукты ўтрымліваюць менш калорый, чым неабходна для іх траўленьня і засваеньня арганізмам. Гучыць праўдападобна, аднак на практыцы нават самыя нізкакаларыйныя прадукты, кшталту салеры ці морквы, утрымліваюць болей калорый, чым патрабуецца арганізму на іх засваеньне. Менавіта таму, большасьць адмыслоўцаў лічыць, што прадуктаў з адмоўнай каларыйнасьцю проста не існуе. Напрыклад, возьмем сьцябло салеры і палічым калорыі. І хоць салера на 95% складаецца з вады, калорыі ёсьць і тут: прыблізна 13 ккал на 100 г. Такія лічбы могуць прымусіць нас спаслацца на тэрмічны эфэкт, аднак ён складае толькі 10% ад колькасьці энэргіі ежы. То бок, салера таксама дадае некалькі калорый у наш рацыён. Відавочна, што гэта не адмоўная лічба.

У некаторых крыніцах сярод пераліку прадуктаў з адмоўнай каларыйнасьцю можна сустрэць халодную ваду. Яна не ўтрымлівае энэргіі і пры ўжываньні наш арганізм губляе пэўную колькасьць калорый на падтрыманьне ўнутранай тэмпературы цела – так званы тэрмагенэз.

Некаторыя дасьледнікі спрабавалі высьветліць ці можа такі эфэкт спрыяць паніжэньню вагі, але большасьць зь іх прыйшла да высновы, што пасьля ўжываньня халоднай вады затраты калорый мінімальныя ці ўвогуле адсутнічаюць.

Калі ўзяць любы сьпіс прадуктаў з “адмоўнай каларыйнасьцю”, то большасьць яго будзе складацца з агародніны. А ў ёй нічога кепскага няма. І гародніна ў рацыёне сапраўды дазволіць скінуць вагу, толькі не праз "адмоўную каларыйнасьць", а праз малую энэргетычную шчыльнасьць: месца ў страўніку займае шмат, а калорый мала. Тут варта адзначыць, што калі вы паставілі перад сабой мэту скінуць вагу, то трэба пераглядзець свой рацыён і адмовіцца ад чагосьці каларыйнага. Напрыклад, кекс з чакалядай у якасьці перакусу можна памяняць на моркву ці гурок. І тут галоўнае слова “памяняць”, бо калі да кекса дадаць яшчэ моркву, то аніякага эфэкту, відавочна, не будзе.