Get Mystery Box with random crypto!

Навукоўцы зрабілі матэрыю нябачнай. Праменяваньне, паглынаньн | cybulinka.

Навукоўцы зрабілі матэрыю нябачнай.

Праменяваньне, паглынаньне і расьсеяньне сьвятла пэўным аб'ектам залежыць ад квантавых уласьцівасьцяў часьцінак у ягоным складзе. Такі факт пацьвярджае эфэкт падаўленьня расьсеяньня сьвятла ў халодным і шчыльным газе, прадказаны больш за 30 гадоў таму. У аснове такога эфэкту палягае прынцып Паўлі – дзьве элементарныя часьцінкі не могуць быць ў аднолькавым квантавым стане. Напрыклад, два квантава аднолькавых электрона не могуць знаходзіцца на адной атамнай арбіталі, яны абавязкова мусяць адрозьнівацца хоць чым. Аднак у выпадку празьмерна халоднага газу ў часьцінак не застаецца выбару, бо ўсе станы (з найменшымі імпульсамі) апынаюцца занятымі. Усё гэта вядзе да падаўленьня перадачы імпульса ад фатона да элементарнай часьцінкі, а праз гэта згаданыя вышэй працэсы не ідуць. То бок, рэчыва становіцца нябачным.

Экспэрымэнтальна спраўдзіць апісаную зьяву ўдалося тром групам навукоўцаў. Для гэтага яны бралі воблакі трох хімічных элемэнтаў (K, Sr, Li), фіксавалі ў адмысловых пастках, каб не разьляталіся, і ахалоджвалі амаль да -273,15 градусаў Цэльсія (абсалютны ноль), а ўжо потым прапускалі праз пастку з рэчывам сьвятло. У выніку ім удалося дамагчыся празрыстасьці рэчыва на 37% большай, чым пры хатняй тэмпературы.

У будучыні такі мэтад можа выкарыстоўвацца пры вырабе сьветлапаглынальных матэрыялаў для квантавых кампутараў, каб забясьпечыць захавальнасьць інфармацыі.

Спасылкі на артыкулы: першая, другая,трэцяя.